Улады РФ хочуць падтрымаць курс рубля да прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку
У РФ спрабуюць пазбегнуць праблем 2023 года
Улады РФ хочуць падтрымаць курс рубля да прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку. У пачатку 2024-га ў рубля — адразу два важныя дзяржаўныя стымулы для ўмацавання. Акрамя экспарцёраў, якіх яшчэ мінулай восенню абавязалі прадаваць заробленую валюту, на рынак вяртаецца Цэнтрабанк Расіі. Ён, мяркуючы з разлікаў уладаў, напоўніць рынак юанямі (такія здзелкі былі прыпынены мінулым летам), створыць дадатковую прапанову, і тым самым падтрымае курс. Так улады паспрабуюць пазбегнуць праблем 2023 года, калі долар на Маскоўскай біржы падаражэў амаль на 30%, а заадно супакоіць насельніцтва перад прэзідэнцкімі выбарамі, піша "Медуза".
Эканамісты, з якімі паразмаўляла выданне, мяркуюць, што пасля выбараў "магчымыя рызыкі". Іх прагназуюць на другое паўгоддзе. Цана на нафту можа звесці да нуля намаганні ЦБ па продажы валюты. Пагрозай для рубля застаюцца бюджэтныя выдаткі.
Эксперты лічаць, што ўлады Расіі да апошняга будуць утрымліваць рубель у раёне 85-95 рублёў за долар. Курс ніжэй не выгадны для бюджэту, а вышэй — паскорыць інфляцыю, прымусіўшы ўрад зрабіць больш жорсткім валютны кантроль.
Сітуацыя ў РФ уплывае на сітуацыю ў эканоміцы Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.