Уладзімір Булаўскі: “Беларускамоўных гуртоў у Віцебску няма”
Мы распыталі віцебскага івэнт-мэнаджара пра праблемы альтэрнатыўнай тусоўкі, рок і мову, “Славянскі базар”, “No Logo Fest” і адзіны забаронены канцэрт
Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што адбываецца з культурным жыццём, канцэртамі, фэстамі ды ўвогуле музычнымі тусоўкамі ў рэгіёнах. На гутарку ў студыю мы запрасілі музыку і арганізатара шматлікіх віцебскіх івэнтаў Уладзіміра Булаўскага.
“Праблема перш за ўсё ў стаўленні да мясцовых гуртоў”
Еўрарадыё: Апошні музычны сезон у Віцебску завяршыўся трохдзённым “No Logo Fest”. Ці часта ў горадзе ладзяцца івэнты з альтэрнатыўнай музыкай?
Уладзімір Булаўскі: За год у Віцебску адбылося больш за 25 падзей альтэрнатыўнага характару. Традыцыйна ладзіцца адкрыццё і закрыццё сезону. Бліжэй да Калядаў адбываецца вялікі канцэрт “Калядны драйв”. Ёсць такая значная падзея як “Negative fest”, які ладзіць віцебскі саліст гурта “Клема” Яўген Шум. Гэта няконкурсны фестываль, які складаецца з трох дзён пад умоўнымі назвамі “альтэрнатыўны”, “цяжкі” і “рэп-дзень”. І, натуральна, “No Logo Fest”, які адбыўся сёлета пасля трохгадовага перапынку.
Еўрарадыё: Чаму фэст узяў паўзу?
Уладзімір Булаўскі: Прычынаў шмат: і нізкая актыўнасць віцебскіх музыкаў, і незацікаўленасць публікі, і нежаданне саміх арганізатараў увязвацца ў такія буйныя праекты. Апошні “No Logo Fest” быў выключна маёй ініцыятывай. І я разлічваў, што гэта будзе маштабнае мерапрыемства. На жаль, атрымалася не зусім так. Праблема перш за ўсё ў стаўленні да мясцовых гуртоў. Гэта агульнабеларуская праблема. Разважаюць так: навошта мне хадзіць на канцэрт гурта, які я і так змагу паслухаць у суседнім двары, калі можна з’ездзіць у Мінск на Hurts. Але ў рэгіёне вельмі шмат цікавых гуртоў і прафесійных музыкаў, якія пры больш сур’ёзным стаўленні да справы змогуць многага дасягнуць.
“7-8 гадоў таму на віцебскія гурты прыходзіла значна больш людзей, чым на прывазныя. Зараз — наадварот”
Еўрарадыё: Як маладому музыку арганізаваць канцэрт ў Віцебску?
Уладзімір Булаўскі: Ёсць “No Logo Promo” і “Vitebsk4me”, якія падтрымліваюць самы шырокі спектр культурніцкіх падзей. Але асаблівай ініцыятывы ад музыкаў няма.
Еўрарадыё: З чым, на тваю думку, гэта звязана?
Уладзімір Булаўскі: Ёсць праблема з пляцоўкамі. Яшчэ на пачатку 2000-х у нас былі клубы, якія спецыялізаваліся выключна на альтэрнатыўнай музыцы ― “Сова”, “Юла”, “Бомонд”. Але ў апошнія 5 гадоў гэтыя пляцоўкі зніклі. З’явіўся клуб “Зебра”, дзе вельмі дрэнны гук. Ёсць Beatles-клуб, ён жа “Чердачок”, але гэта, бадай, адзіная пляцоўка, якая можа выкарыстоўвацца для некамерцыйных падзеяў. Мы зрабілі стаўку на новае памяшканне ― клуб “Планета”, і для правядзення “No Logo Fest” арандавалі цэнтральную з сямі залаў клуба. Але там таксама пачаліся праблемы з гукам…
У канцэртнай зале “Віцебск” ёсць так званая “Круглая зала”, дзе ў гэтым годзе мы правялі самы шыкоўны канцэрт за сезон. Гэта быў сумесны выступ Plum Bum і кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба”. Увогуле, мне здаецца, гэта агульнабеларуская праблема ― панізілася культура наведвання канцэртаў. У Віцебску 7-8 гадоў таму на мясцовыя гурты прыходзіла значна больш людзей, чым на прывазныя. А зараз сітуацыя абсалютна адваротная.
“Тры гурты насамрэч маглі б збіраць поўныя залы ў Віцебску. Астатнія ― гэта тыя, што збяруць хіба што сяброў і знаёмых”
Еўрарадыё: У чым прычына?
Уладзімір Булаўскі: Мне здаецца, што ёсць дзве асноўныя праблемы: праблема сацсетак і праблема адсутнасці музычнага мэнаджанту. Я памятаю, як мы два гады таму вырашылі зрабіць акцыю “Далоў “Кантакт”, сустрэнемся ў рэале”, і на час запланаванай сустрэчы сабралася 3 чалавекі. Таксама маладыя гурты вельмі мала задумваюцца над прасоўваннем сваёй творчасці. Лянуюцца рэкламаваць падзеі, запрашаць на канцэрты знаёмых гукарэжысёраў, людзей, дасведчаных у рэкламе і г.д. Тыя музыкі, якія адразу зрабілі на гэта стаўку, стрэлілі.
гурт Syomi
Самы яскравы прыклад апошніх часоў ― праект I Dance Alone, які стварылі былыя музыкі знакамітага віцебскага гурта Jenowa. Яны падпісалі кантракт з маскоўскім лэйблам, запісалі ЕР і ужо ездзілі на гастролі ў Кіеў. Я спрабую дапамагаць рэгіянальным гуртам, калі ў мяне ёсць на гэта час. Напрыклад, лаўрэаты “No Logo Fest”, гурт Syomi, на мой погляд, робяць вельмі цікавую музыку еўрапейскага ўзроўню. Яшчэ адзін цікавы гурт ― “Сны Опоссума”, пераможцы “No Logo Fest”. Вось гэтыя тры гурты насамрэч маглі б збіраць поўныя залы ў Віцебску. Астатнія ― гэта тыя, што збяруць хіба што сяброў і знаёмых. І вось калі вырашыцца пытанне “Навошта я гэтым займаюся і як зрабіць так, каб мая музыка была цікавай не толькі маім знаёмым?”, тады вырашыцца і сітуацыя, як выцягнуць народ з сацыяльных сетак.
гурт “Сны Опоссума”
Еўрарадыё: Якая аўдыторыя падтрымлівае твае праекты?
Уладзімір Булаўскі: У асноўным гэта студэнты. Але, шчыра кажучы, колькасна гэта аўдыторыя не змяняецца. У Віцебску ёсць ад дзвюх да чатырох тысяч чалавек, якія могуць хадзіць на альтэрнатыўныя падзеі рознага кшталту. Хоць, як паказаў бясплатны рок-канцэрт падчас фэсту “Факел”, у нас 37 тысяч патэнцыйных гледачоў.
“Гэта прыкра ― сядзець дома і разумець, што гаспадар у горадзе — не ты”
Еўрарадыё: Дарэчы, што рабілася падчас “Факела” у горадзе?
Уладзімір Булаўскі: Я пачну не з самога фестывалю, а з таго негатыву, што пайшоў па байнэту, калі “Газпром” фактычна ўзяў Віцебск у арэнду на тыдзень. Пачаліся каментары, што Віцебск ― ушчэнт зрусіфікаваны горад, што мяне вельмі абурала. Можаце мне тэлефанаваць, прыязджаць у Віцебск і ўпэўнівацца, што гэта не так. З “Факелам” атрымалася сітуацыя, калі фактычна “Газпром” арандаваў усе канцэртныя пляцоўкі для правядзення сваіх мерапрыемстваў, але звычайныя жыхары Віцебска не маглі на іх трапіць. Гэта прыкра ― сядзець дома і разумець, што гаспадар у горадзе — не ты. Але я бачу і пазітыў: па-першае, гэта вялізныя сумы грошай, якія атрымаў Віцебск на рэканструкцыю пляцовак напярэдадні правядзення “Факела”. На фестываль прыехала каля трох тысяч гасцей ― то бок сфера паслуг і турыстычная сфера таксама зарабілі на гэтым добрыя грошы.
Еўрарадыё: Як справы з вулічнай музыкай у Віцебску?
Уладзімір Булаўскі: Не шмат хто ведае, што Віцебск ― гэта адзіны горад у Беларусі, дзе музыкам афіцыйна дазволена граць на вуліцы. Калі ты прыходзіш без апарата, то бок не ствараеш шмат шуму, можна граць у любы час ― хоць з раніцы і да раніцы. Раней падчас “Славянскага базару” у цэнтры горада рабіліся пастаянныя рок-вечарыны, дзе збіралася вельмі шмат людзей.
“У нас ёсць усё для фэста вулічнай музыкі”
Еўрарадыё: Як сябе адчуваюць звычайныя жыхары Віцебска падчас “Славянскага базару” і які ўплыў фестывалю на культурнае жыццё горада?
Уладзімір Булаўскі: У адносінах да “Славянскага базару” я б падзяліў усіх жыхароў Віцебска на чатыры часткі: 30-35% людзей радуюцца, святкуюць і ходзяць на канцэрты. 20% ― катэгарычна выступаюць супраць і з’язджаюць з горада падчас “Славянскага базара”. 20% тых, каму індыферэнтна ― ёсць фестываль ці няма, яны яго нават не заўважаюць. А тыя, хто застаўся, актыўна ўдзельнічаюць у фэсце. Я думаю, што ў тым фармаце, у якім існуе “Славянскі базар”, ён грае негатыўную функцыю для ўмоўнага брэнду горада ў вачах іншаземцаў. Натуральна, што ўхіл у бок шансона, які назіраўся сёлета, вельмі небяспечны…
Але пры ўсім “Славянскі базар” для творчых людзей ― гэта цудоўная магчымасць паказаць сябе, зарабіць грошай, атрымаць досвед кіравання ці арганізацыі пэўных падзей, наладзіць кантакты з іншымі творчымі людзьмі. Я лічу, што фестываль трэба змяняць лакальна. Напрыклад, падчас фэсту можна разнастаіць музычнае жыццё на вуліцах.
Еўрарадыё: Ладзіце альтэрнатыўны “Славянскі базар” на вуліцах горада?
Уладзімір Булаўскі: Так, яго неафіцыйную частку. І так заўсёды было! У мяне ёсць вялікая мара ― арганізаваць у Віцебску фестываль вулічнага мастацтва. У нас усё для гэтага ёсць: пешаходныя вуліцы, месцы, дзе ўвогуле няма жылых дамоў і дзе мы б нікому не перашкаджалі. Хочацца зрабіць такое комплекснае свята вулічнага мастацтва.
“Беларускамоўных гуртоў у Віцебску няма”
Еўрарадыё: Беларуская мова неяк звязаная з альтэрнатыўнай культурай Віцебску?
Уладзімір Булаўскі: Беларускамоўных гуртоў у Віцебску няма ― існуе такая праблема. Быў круты прыклад з гуртом Jenowa ― дагэтуль на радыё круцяцца іх песні на мове. А зараз гэтую нішу не займае ніхто. Але што тычыцца нашай дзейнасці ― усе падзеі, якія мы робім, ад суполкі “ВКонтакте” да афіш, банераў і рэкламы на экранах, мы прынцыпова робім па-беларуску. І калі людзі чуюць беларускую мову, адразу ідзе асацыяцыя ― “Ага, значыцца, гэта альтэрнатыўны канцэрт, які робяць вось гэтыя людзі”. І мне здаецца, што беларускамоўных людзей у Віцебску стала больш.
Еўрарадыё: Як змянілася альтэрнатыўнае жыццё Віцебска за апошнія гады?
Уладзімір Булаўскі: У Віцебску існавалі тры моцныя нефармальныя цэнтры: “яма” ― месца, дзе знаходзіцца летні амфітэатр, “сцяна” ― месца ўпадзення Віцьбы ў Дзвіну і легендарнае месца “Вася” ― мясцовая крама “Для вас”. І доўгія гады гэты панкаўскі нефармальны рух існаваў менавіта там, там адбыліся і шматлікія канцэрты. На той момант падавалася, што нічога немагчымага няма. Не трэба было ніякіх дамоваў з аддзеламі культуры, гастролек і г.д. Людзі самі запытваліся, калі наступны канцэрт. Зараз трэба ледзь не тыдзень хадзіць за чалавекам і заахвочваць яго прыйсці. Гэта або перанасычанасць, альбо неабмежаваны доступ да ўсяго адразу.
Еўрарадыё: Ці проста ў Віцебску атрымаць дазвол на правядзенне рок-канцэрта ці фестывалю? І ці здараліся выпадкі, калі нейкі канцэрт забаранялі?
Уладзімір Булаўскі: Адзіны забаронены канцэрт ― гэта выступ Паліны Рэспублікі. Гэты канцэрт мусіў адбыцца год таму на першым паверсе аддзела культуры. Але за дзень да канцэрта ў “Народнай волі” і на “Белсаце” выйшла інтэрв’ю Паліны, пасля якога мне пазванілі і сказалі: “Выбачайце, але ў нас рамонт”. Нягледзячы на абставіны, пасля гэтай гісторыі Паліна яшчэ два разы прыязджала ў Віцебск і спакойна выступала. Але не заўсёды атрымліваецца ладзіць альтэрнатыўныя канцэрты на афіцыйных пляцоўках.
“Арыентацыя на нізкую папулярную культуру з налётам псеўдаэлітарнасці”
Еўрарадыё: Што стала з самым вялікім беларускім клубам ― віцебскай “Энэргіяй”?
Уладзімір Булаўскі: “Энэргія” будавалася як дыска-клуб, і дагэтуль там кожны дзень ладзяцца дыскатэкі. Часам мы карыстаемся гэтай пляцоўкай для правядзення альтэрнатыўных падзей, якія збіраюць больш за 500 чалавек. Апошнія канцэрты, якія мы там рабілі, гэта “Без Билета” і выступ Макса Каржа. Рабіць там альтэрнатыўныя канцэрты лакальнага характару не мае сэнсу.
Еўрарадыё: Куды знік легендарны “Чердачок”?
Уладзімір Булаўскі: Як вядома, у мінулым годзе яго зачынылі. Фактычна, ім проста не далі выкарыстоўваць памяшканне за парушэнне пажарнай бяспекі. Гаспадар будынку адчувальна ўзняў кошт за арэнду памяшкання. І многія баяліся, што “Чердачка” ужо не будзе. Але клуб ужо пяты месяц дзейнічае ў тых жа ўмовах, што і дзейнічаў раней, але праз дарогу ад старога будынка. Гэта дом канца XIX стагоддзя, у якім пад дахам знаходзіцца клуб. Памяшканне амаль у два разы большае: на канцэрт Akute, туды змяшчаецца 400 чалавек.
Еўрарадыё: Але раней пра гэты клуб усе гаварылі, была нейкая двіжуха. Зараз усё заціхла.
Уладзімір Булаўскі: Калі раней “Beatles club”, ён жа “Чердачок”, нёс шыкоўную выхаваўчую і эстэтычную функцыю, то на сённяшні момант гэта функцыя, хутчэй, забаўляльная. Гэта сумна. Там няма бара, таму людзі проста прыходзяць са сваім. Плюс клуба ў тым, што там адбываюцца закрытыя мерапрыемствы, на якія могуць патрапіць альбо члены клуба, альбо іх сябры. Квіткі не прадаюцца на ўваходзе. І калі цябе ніхто не ведае, то ты хутчэй за ўсё не патрапіш.
Еўрарадыё: Як можна стаць сваім?
Уладзімір Булаўскі: Трэба хадзіць на падзеі і зарэкамендаваць сябе з лепшага боку. Калі чалавек праявіць сябе з дрэннага боку, яго больш не пусцяць туды. Але пры ўсім “Чердачок” застаецца выспай свабоды і месцам, дзе можна выявіць свае эмоцыі. І вельмі крута, што ў Віцебску ёсць такое культавае месца! Ну, і, вядома, спадзяемся, што неўзабаве ўладальнік “Чердачка” Гарык разам з Алегам Ціханавым яшчэ раз зробяць у Віцебску “Beatles festival”, як гэта было 2 гады таму.
Еўрарадыё: З’яўленне новых “мажорных” клубаў звязана з наплывам гасцей-расіян, на якіх даводзіцца арыентавацца?
Уладзімір Булаўскі: Калі браць тую ж “Энэргію” і новы клуб “Планета”, які адкрыўся нядаўна ― гэта арыентацыя на нізкую папулярную культуру з налётам псеўдаэлітарнасці. Па сутнасці, у Віцебску адзін чалавек трымае некалькі клубаў ― мясцовы алігарх, у якога яскравая дыскатэчная накіраванасць. У “Планеце” абяцалі зрабіць і альтэрнатыўную залу ― будзе цікава паглядзець, наколькі гэта сапраўды атрымаецца і што там будзе адбывацца.
“Быць арганіазатарам культурных падзеяў сёння ― гэта тое ж самае, што выходзіць на Сенацкую плошчу ў свой час”
Еўрарадыё: Рэгіянальныя арганізатары сябруюць паміж сабой?
Уладзімір Булаўскі: Я ўспрымаю сябе, хутчэй, як івэнт-мэнаджара, а не як арганізатара канцэртаў. Быць арганізатарам культурных падзеяў сёння ― гэта тое ж самае, што выходзіць на Сенацкую плошчу ў свой час. Такіх людзей мала, і ўсе адзін аднаго ведаюць ― і ў рэгіёне, і ў краіне.
Еўрарадыё: Калі ўжо размова зайшла пра рэгіён, тут нельга не ўзгадаць намаганні Сяргея Анішчанкі і яго “Рок-кола” у Полацку і Наваполацку.
Уладзімір Булаўскі: Так, Сяргей “Аніса” Анішчанка зараз працуе ў наваполацкім Доме культуры, але спіць і бачыць, як аднавіць “Рок-кола”. Дарэчы, калі мы працавалі над “No Logo Fest”, хацелі стварыць атмасферу менавіта “Рок-кола”. Але я не думаю, што калі фэст адродзіцца, гэта будзе падобна на “Рок-кола”, якім ён быў 8 гадоў таму. Я буду вельмі рады памыліцца і гатовы ва ўсім дапамагчы.
Еўрарадыё: Якіх музыкаў ты лічыш культавымі віцебскімі?
Уладзімір Булаўскі: “Алмазны фронт”, 5Diez, Лёша Тоцкі і гурт “LaBo” (La Bomba), Jenowa і новае пакаленне ― гурты, якія маглі б стаць культавымі. Гэта, безумоўна, I dance alone, Syomi, “Сны Опоссума”.
Фота: з сацсетак Уладзіміра Булаўскага.