Уладзімір Майсюк “Fretwalk”

Беларускі гітарыст Уладзімір Майсюк выдаў цалкам сонечны альбом “Fretwalk” (“Вандроўка па ладах”). Такі прывет з цёплага Бахрэйна ды Блізкага ўсходу, дзе музыка дыслакуецца ў апошнія гады.


“Fretwalk” — гэта кампіляцыя п’ес, створаных цягам апошніх 15-ці гадоў. Запіс пласцінкі ажыццяўляўся ў лепшых студыях ЗША, а майстарынгаваў яе ўладальнік Грэмі Бэрні Гдундман, які ўжо шмат гадоў працуе са Стывам Ваем і іншымі, не менш легендарнымі, гітарыстамі.


Уладзімір Майсюк называе “Fretwalk” замалёўкамі з уласнага жыцця, дзе ёсць месца дубайскім пустыням і беларускім лясам. Праўда, беларускага ў альбоме амаль не чуваць. Пласцінка нібыта не мае нейкага моцнага кораня. Яе музыка падобная да павуціння, якое разлятаецца па ўсім свеце падчас бабінага лета.


“Вандроўка па ладах” Уладзіміра Майсюка — такая вандроўка па мажоры. Большасць кампазіцый асацыюецца з сафары ды міражамі. Музыка нібыта абсалютна скароны блізкаўсходнімі пейзажамі. Ён малюе іх буйнымі мазкамі ў традыцыйных ракурсах.


Майсюк стварае “Fretwalk” класічнымі прыёмамі. Тут усё, як мае быць, ад формы да кранання струн. Тут усё практычна ідэальна і салодка-правільна. Такі гітарны соўл, як называе сваю музыку аўтар. Аднак ад правільнасці пры праслухоўванні пачынаецца адваротная рэакцыя. Чакаеш маленькую і запамінальную мелодыю ці рвання струн. Чакаеш грому сярод яснага неба — але, відаць, на Блізкім Усходзе ён не часты госць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі