Урад узнагародзіў стратныя прадпрыемствы “за дасягненні ў галіне якасці”
Беларускі ўрад узнагародзіў стратныя прадпрыемствы за дасягненні ў галіне якасці. Яны трапілі ў спіс лаўрэатаў разам з паспяховымі кампаніямі, кшталту “Савушкінага прадукта”. Згодна з пастановай Саўміна ад 8 красавіка №293, “за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту” прэмію прысудзілі Беларускаму металургічнаму заводу, Беларускаму цэментнаму заводу і Віцебскаму мясакамбінату.
Як піша “Салідарнасць”, чыстыя страты БМЗ па выніках трох кварталаў 2015 года склалі 636,6 мільярда рублёў і гэты завод займае другое месца ў спісе найбольш стратных ААТ краіны.
Беларускі цэментны завод па выніках трох кварталаў мінулага года панёс страты на 99,4 мільярда рублёў. Каб прадпрыемства змагло выбрацца з крызісу, урад даў гарантыі “Беларусбанку” і “Белінветбанку” у пагашэнні астатку асноўнага доўгу па крэдытах завода.
Віцебскі мясакамбінат меў чыстыя страты ў памер 13,5 мільярда рублёў. У верасні мінулага года на прадпрыемстве дапускаліся выпадкі заключэння гаспадарчых дамоваў на заведама нявыгадных для камбіната ўмовах, што з’яўляецца падставай для распачынання крымінальных справаў.