“Усё па 60”: Як віцебскія іпэшнікі пазбаўляліся ад рэштак тавару (фота)

Віцебскія гандлёвыя цэнтры і рынкі ў апошні дзень лютага былі асабліва шматлюднымі. Прадпрымальнікі імкнуліся распрадаць рэшткі тавару, а пакупнікі, карыстаючыся сітуацыяй, — закупіцца як мага танней.

“Пакупнік кажа мне: аддавай паліто яшчэ танней, а то заўтра табе яго толькі ў піянерскае вогнішча кінуць”, — скардзіцца прадавачка сваёй знаёмай.

Побач ідзе распродаж “усё па 60 тысяч”. Крыху далей абвестка: “Зніжкі ад 30 да 50 адсоткаў!”. Але і такія спрыяльныя ўмовы не надта “робяць касу” прадпрымальнікам. Грошай у пакупнікоў няшмат, таму нават у стыхійны дзень зніжак яны аддаюць іх не дужа ахвотна.

Прадпрымальнікі абмяркоўваюць чуткі: маўляў, на адзін з рынкаў на 1 сакавіка выкліканы АМАП, а тым, хто не распачне працу, апячатаюць ралеты.

“85 адсоткаў ці нават больш нашых прадпрымальнікаў набываюць тавары ў зарэгістраваных гандлёвых цэнтрах у Расійскай Федэрацыі, але там ўжо не з’яўляюцца абавязковымі тыя дакументы, што патрабуюць зараз ад нас. Выдаваць іх нам проста ніхто не будзе! — тлумачыць сітуацыю Ірына Яскевіч, старшыня арганізацыйнай групы па стварэнні прафесійнага саюза “Разам”. — Зараз прадпрымальнікі зніжаюць кошты, нягледзячы на тое, колькі яны самі плацілі за тавар. А заўтра… Мабыць, адсоткаў 15 з іх выйдуць на працу”.

Тым часам, індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць легкапрамысловымі таварамі без патрэбных дакументаў на іх, далі яшчэ адну адтэрміноўку. 1 сакавіка іх паабяцалі не правяраць і не караць за невыкананне новых правілаў. Адпаведна, яны змогуць працаваць па старых правілах да ўвядзення новага ўказа. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты.

З яго словаў, пазаўчора кіраўнік краіны даручыў неадкладна вырашыць гэту праблему і цяпер эксперты Мінэканомікі сумесна з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў распрацоўваюць праект канчатковага нарматыўна-прававога акту, які павінен вырашыць гэтыя праблемы.

Прадпрымальнікі Магілёва гатовыя 2 сакавіка выйсці на плошчу

На "Жданах" са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя кропкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі