Увод у эксплуатацыю БелАЭС можа адбыцца пазней
БелАЭС / з архіву БЕЛТА
Увод у эксплуатацыю Беларускай атамнай станцыі можа адбыцца пазней запланаванага тэрміну. Па графіку станцыя павінна пачаць паўнавартасна працаваць ужо ў пачатку 2021 года, але галоўны інжынер БелАЭС Анатоль Бондар назваў іншую дату.
"У нас у графіках пазначаны канец лютага 2021 года. Гэта ўжо засваенне стоадсоткавай магутнасці і працэдурнае, як належыць па ўсёй нарматыўна-прававой дакументацыі, здача ў прамысловую эксплуатацыю з правядзеннем комплексных выпрабаванняў. Але я б хацеў назваць тэрмін - канец трэцяга квартала", — сказаў Бондар у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.
Ён выказаў надзею, што пратэст Літвы і яе адмова ад электраэнергіі з БелАЭС, не паўплываюць на збыт. Бо Беларусь, паводле яго слоў, мае намер прапаноўваць электраэнергію за мяжу "па разумных коштах".
"Я думаю, жыццё ўсё расставіць па месцах", — сказаў Бондар, але пры гэтым адзначыў, што думаць пра трэці і чацвёрты блокі беларускаму боку не варта яшчэ доўгі час, хоць такія магчымасці пляцоўка і мае.
Энергетычны пуск першага энергаблока БелАЭС запланаваны на 7 лістапада, казаў на пачатку восені Аляксандр Лукашэнка. Энергетычны пуск папярэднічае поўнамаштабнаму ўводу ў эксплуатацыю. Другі энергаблок павінен запрацаваць у 2022 годзе. Варта адзначыць, што тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю БелАЭС ўжо змяняліся. Згодна з пратаколам ад 25 лютага 2015 года планавалася, што энергаблокі АЭС запрацуюць ў 2018 і 2020 годзе адпаведна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.