“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”

“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”

З верасня амаль кожны тыдзень праваахоўныя органы паведамляюць пра злосных злачынцаў: тых, хто зрывае і “абражае” дзяржаўныя сцягі. Затрыманым пагражаюць наступствы па 370-м артыкуле Крымінальнага кодэкса ("Глумленне над дзяржаўнымі сімваламі"). Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў, арышт і нават абмежаванне волі да аднаго года.

Еўрарадыё нагадвае пра вядомыя выпадкі “глумлення” над дзяржаўнымі сімваламі.
 

Гомель: замяніў чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы

У другой палове жніўня адбыўся адзін з першых рэзанансных выпадкаў "глумлення" над сцягам: хлопец замяніў чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы!

Міліцыя хутка адшукала злачынцу — 22-гадовага хлопца. У МУС сцвярджаюць, што ён назваў свае дзеянні "гарэзлівасцю і свавольствам, якія ніяк не звязаныя з ідэйнай і грамадзянскай пазіцыяй".

Сцяг, вядома, хутка вярнулі. Супраць хлопца распачалі крымінальную справу.

“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”
Гомель і той сам флагшток / кадр з відэа МУС

Жлобін: падпальваў, рэзаў, тапіў

У сярэдзіне верасня кіраўнік Палаца культуры металургаў звярнуўся да міліцыянераў праз знікненне сцяга.

Высветлілася, што 27-гадовы жыхар горада зняў сцяг, потым ён спрабаваў спаліць яго. Пасля няўдалай спробы мужчына парваў палотнішча ды выкінуў у вадаём паблізу.

Міліцыя сцвярджае, што ён был нецвярозы. Цяпер гэты мужчына — фігурант крымінальнай справы.

“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”
Зніклы кавалак сцяга са Жлобін / кадр з відэа МУС

Івацэвічы: сцягі, парэзаныя ўначы

"Серыйнае" глумленне над дзяржсцягамі, па версіі Следчага камітэта, на пачатку верасня здейсніў 27-гадовы жыхар Івацэвічаў:

"Абвінавачваны ў стане алкагольнага апʼянення пракраўся на тэрыторыю, прылеглую да будынка пракуратуры Івацэвіцкага раёна, узлез на флагшток і нажом пашкодзіў палатно дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь”.

І гэта яшчэ не ўсё! Пасля ён “пракраўся” і на тэрыторыю раённага аддзела СК і таксама парэзаў палатно сцяга. Затрымалі яго праз некалькі гадзін.

Сёння абвінавачваны застаецца пад падпіскай аб нявыездзе, чакае суда.
 

Жабінка: “пахаванне” сцяга

Яшчэ адзін выпадак “глумлення” адбыўся на пачатку верасня ў Жабінцы. Зрабіў гэта хлопец, які, як сцвярджае МУС, зʼяўляецца сябрам незарэгістраванага грамадскага абʼяднання “Савет народнага даверу г. Жабінка”.

Далей — усё як у трылеры.

“Зняў з райспажыўтаварыства дзяржаўны сцяг. Падняўся на ўзгорак, расправіў сцяг і сарваў яго, сарваўшы пры гэтым ягоную чырвона-зялёную частку. Потым я гэты сцяг склаў у пакет і занёс у лес, пры гэтым закапаў”, — расказаў на апублікаваным МУС відэа хлопец.

Следчыя збіраюцца даць дзеянням хлопца “прававую ацэнку”.

“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”
Той самы герой з відэа МУС

Брэст: за тым, хто сарваў сцяг, ездзіў ГУБАЗіК

У Брэсце ў сярэдзіне верасня мужчына сарваў сцяг, вывешаны ля ўвахода ў дзіцячую харэаграфічную школу, і кінуў яго на зямлю.

Шукалі і затрымлівалі небяспечнага злачынцу супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

МУС у сваім паведамленні падкрэслівае, што мужчына быў пʼяны, а раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта, дарэчы, часта дадаюць да міліцэйскіх прэс-рэлізаў — магчыма, каб пераканаць усіх у нізкім сацыяльным статусе зламыснікаў.

Заведзена крымінальная справа.
 

Слонім: “дзёрзка” парваны сцяг

У другой палове верасня выпадак “глумлення” адбыўся і ў Слоніме. Як паведамляла рэгіянальнае тэлебачанне, мужчына зняў сцяг з будынка дзіцячай бібліятэкі і парваў палотнішча.

У эфіры ТБ інцыдэнт назвалі “дзёрзкім правапарушэннем”.

Прадстаўнік міліцыі растлумачыў, што зрабіў злачынства ўжо судзімы мужчына, “сямейны скандаліст, футбольны фанат”, які “наглядзеўся ў сетцы Інтэрнэт розных відэа такога характару”. Таксама, па словах міліцыянераў, мужчына папрасіў прабачэння за тое, што (!) “нанёс маральную шкоду беларускаму народу”. Выбачэння не хапіла —  заведзена крымінальная справа.
 

Брэст: і зноў злачынцу шукаў ГУБАЗіК

У верасні ў брэсцкую міліцыю паскардзіліся на тое, што невядомы сарваў і кінуў на зямлю сцяг, які вісеў ля ўвахода ў мясцовы гатэль.

Шукалі злачынцу пры дапамозе таго ж ГУБАЗіКа, а затрымалі ажно ў Пружанах.

Высветлілася, што мужчына быў у Брэсце “па асабістых справах”. Паведамлялася зноўку і пра тое, што падчас “глумлення” ён быў пʼяны, а раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Можам нават не гаварыць пра тое, што была распачата крымінальная справа.
 

Мінск: “Гатовы проста зараз назад яго начапіць”

Яшчэ дваіх злачынцаў адшукалі ў Мінску. Хлопцы знялі сцяг з адміністрацыйнага будынка ў Заводскім раёне. Іх затрымалі на наёмнай кватэры.

МУС апублікавала відэа з адным з гэтых хлопцаў, які гаварыў, што яму хацелася “нечага новага”. На пытанне, ці раскайваецца ён, хлопец адказаў: “Так, вядома, я гатовы проста зараз назад яго [сцяг. — Еўрарадыё] начапіць”.

І зноў — крымінальная справа.

“Вайна сцягоў”: міліцыя ловіць беларусаў за “глумленне над дзяржсімваламі”
Гэты сцяг "правапарушальнікі" гатовыя начапіць назад / з відэа МУС

Мінск: бойка за сцяг

На пачатку кастрычніка 19-гадовы хлопец зняў сцяг з будынка аўтавакзала.

Пасля, як паведамлялі ў міліцыі, ён атрымаў “заўвагу” 61-гадовага мужчыны. Хлопец на словы не адрэагаваў, таму мужчына ўзяў ягоны заплечнік і запатрабаваў вярнуць сцяг. Потым адбылася бойка.

Супраць хлопца завялі крымінальную справу за “злоснае хуліганства”, ён быў змешчаны ў ІЧУ.
 

Асіповічы: рэдакцыя газеты засталася без сцяга

Як паведаміла міліцыя 20 кастрычніка, у Асіповічах таксама адбылося “глумленне” над дзяржсімвалам.

Мужчына ўвечары праходзіў каля рэдакцыі мясцовай газеты і вырашыў сарваць сцяг. Палотнішча цалкам ён зняць ня змог, а тую частку, якую атрымалася здабыць, выкінуў у сметніцу.

"Вырашыў сарваць сцяг, таму што я не хачу, каб дзейная ўлада кіравала нашай краінай. Таму я яго сарваў. Як абгрунтаваць свой учынак, я не ведаю", — сказаў ён на “міліцэйскім” відэа.

І тут міліцыя не забываецца паведаміць, што мужчына быў пʼяны, а раней быў асуджаны за наркотыкі. Цяпер яго чакае разбор па новай крымінальнай справе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі