Вайна, варажнеча і беднасць: ад чаго ўцякаюць іракскія курды?
Дэманстрацыя курдаў супраць наступлення турэцкіх сіл на тэрыторыю Іракскага Курдыстана / AFP
Большасць мігрантаў, якія з 8 лістапада сабраліся тысячамі каля беларуска-польскай, а пазней і беларуска-літоўскай мяжы, — іракскія курды. Пакуль многія абмяркоўваюць іх дарагія курткі, у сябе дома курды прадаюць усю маёмасць і набіраюць даўгі, каб мець магчымасць уцячы да лепшага жыцця. Ад чаго ўцякаюць іракскія курды і хто яны наогул такія — коратка расказваем пра вельмі заблытаную і складаную сітуацыю, у якой апынуўся гэты народ.
Народ ёсць, краіны няма
Беларусам праблема курдаў можа быць знаёмая: яны жывуць без нацыянальнай дзяржавы. Але беларусам пашанцавала, і мы здабылі такую ў 1991-м, курды ж спрабуюць дамагчыся незалежнасці дагэтуль.
На сёння курды — самы вялікі этнас без уласнай дзяржавы. Іх колькасць ацэньваюць у 30-40 мільёнаў чалавек. У асноўным яны пражываюць на прасторы, якая ахоплівае тэрыторыі сучасных Ірака, Сірыі, Турцыі і Ірана. І праблемы ў курдаў былі заўсёды, у тым ліку ўзброеныя паўстанні і іх сілавое задушэнне, а таксама фактычны этнацыд.
Іракскі Курдыстан
Атрымаць аўтаномію ў Іраку курды павінны былі яшчэ ў 1970-м, але фактычна ім удалося гэтага дамагчыся толькі ў 1991-м. Рэалізацыі ж усіх дамоўленасцяў і замацавання аўтаноміі ў Канстытуцыі ўдалося дасягнуць толькі пасля ўварвання ЗША ў Ірак. У Іракскага Курдыстана ёсць свой дэмакратычны парламент і прэзідэнт, але няма поўнай незалежнасці.
На тэрыторыі Іракскага Курдыстана размешчаны лагер Махмур, у якім жыве каля 12 тысяч курдаў, якія ўцяклі ад ганенняў з Турцыі (пра гэта крыху пазней).
Праблема Іракскага Курдыстана не толькі ў гэтым: у 2017 годзе тут быў праведзены рэферэндум аб незалежнасці. Па выніках галасавання за суверэнітэт выказаліся 92,73% тых, хто ўзяў удзел у рэферэндуме. Але афіцыйны Багдад вынікаў рэферэндуму не прызнаў — як кажуць, і тут панеслася.
Яшчэ адзін факт пра курдаў: калі іракскія войскі не спраўляліся з баевікамі Ісламскай дзяржавы, з імі цалкам паспяхова змагаліся менавіта курды. У выніку яны занялі рэгіён Кірук і кантралявалі яго. Аднак пасля рэферэндуму ўлады ў Багдадзе вырашылі спыніць усе фінансавыя аперацыі з рэгіёнам, потым іракскія войскі пачалі блакаду Курдыстана, пазней яго ўзялі сілай. Як гэта, калі твой рэгіён бяруць войскі, — мяркуйце самі.
Турцыя знайшла ворагаў
Ціснуць на курдаў улады Турцыі: больш за ўсё "дастаецца" турэцкім курдам, але дацягваецца прэзідэнт Эрдаган і да іракскіх.
У другой палове чэрвеня 2021 года Турцыя актывізавала ваенную аперацыю супраць Рабочай партыі Курдыстана (РПК) у Курдыстане ў Іраку. Анкара лічыць РПК тэрарыстычным фармаваннем і патрабуе яе ліквідацыі.
Знешняе ўздзеянне ўзмацніла канфлікт паміж рэгіянальным урадам Курдыстана і РПК. Паміж дзвюма курдскімі групоўкамі ў анклаве і без таго было напружанне, цяпер сітуацыя выглядае яшчэ больш неспрыяльнай.
Хоць пакуль што, сцвярджаюць эксперты-міжнароднікі, да грамадзянскай вайны паміж курдамі далёка. А такую яны ўжо перажывалі ў 90-х.
Зрэшты, нават мінімальная пагроза грамадзянскай вайны і падзеленасць у грамадстве не дораць ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, ні пачуцця бяспекі.
І палітыка, і эканоміка
— Сапраўды, многія людзі ў Іраку і Іракскім Курдыстане ў прыватнасці ўстрывожаныя сітуацыяй у краіне: адносіны паміж Багдадам і Эрбілем носяць вельмі напружаны характар, які негатыўна адбіваецца на ўмовах і якасці жыцця курдаў, — тлумачыць Еўрарадыё выканаўца абавязкаў прадстаўніка рэгіянальнага ўрада Курдыстана ў Расіі Данар Мустафа.
Па словах Данара, да 2014-га многія курды, наадварот, вярталіся з Еўропы на радзіму, але потым цэнтральныя ўлады пачалі ігнараваць правы курдскага насельніцтва.
— Так, напрыклад, доля бюджэту рэгіёна Курдыстан была скарочаная да 17%, акрамя таго, Багдад не аказваў садзейнічання курдам у іх барацьбе супраць ІДІЛ. Менавіта ў гэты перыяд у Курдыстане пачаўся глыбокі крызіс: улады Эрбіля прынялі на тэрыторыі Курдыстана больш за 2 мільёны ўцекачоў. Гэтыя падзеі суправаджаліся зніжэннем цэн на нафту. Безумоўна, усё вышэйапісанае ўплывае на псіхалогію людзей у рэгіёне.
Данар упэўнены, што міжнародная супольнасць павінна змяніць абвінаваўчую рыторыку на пошук шляхоў вырашэння праблем.
Вось жа гаворачы пра міграцыйны крызіс, Данар нагадаў: парламент Іракскага Курдыстана вырашыў накіраваць у Беларусь дэлегацыю.
— Спадзяёмся на хутчэйшае пераадоленне крызісу, — сказаў на заканчэнне ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.