Венесуэла хоча "засыпаць" COVID-19 залатымі зліткамі на мільярд долараў
Венесуэла хоча "засыпаць" COVID-19 залатымі зліткамі на мільярд долараў. І спрабуе праз суд вярнуць залаты запас, які захоўвае Банк Англіі. Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", справу разгледзіць лонданскі камерцыйны суд, куды падаў іск Цэнтрабанк Венесуэлы. Ён патрабуе перадаць зліткі ААН, якую просіць стаць пасярэднікам. Золата мяркуецца выкарыстаць для барацьбы з распаўсюдам каранавіруса — для набыцця медабсталявання, лекаў і харчавання.
Як вядома, Вялікабрытанія, як і ЗША, не прызнае легітымнасць ураду прэзідэнта Нікаласа Мадура (прызнаецца легітымнасць лідара апазіцыі Хуана Гуайдо, які аб'явіў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта). Таму з 2018 года Банк Англіі адмаўляецца вярнуць Венесуэле 31 тону золата. Цяпер жа венесуэльскі бок заяўляе, што "пытанне стаіць пра жыцці людзей, таму цяпер не час спрабаваць зарабіць палітычныя ачкі".
У ААН пацвердзілі, што Цэнтрабанк Венесуэлы сапраўды звяртаўся з просьбай вывучыць магчымасць рэалізацыі гэтай схемы. У Банку Англіі сітуацыю не каментуюць.
Венесуэла знаходзіцца ў жахлівым эканамічным становішчы. Толькі летась з яе з'ехалі амаль 5 мільёнаў чалавек. У 2019-м інфляцыя склала 800 тысяч адсоткаў! Што да COVID-19, дык афіцыйна заяўляецца пра 750 выпадкаў заражэння і 10 ахвяр. Аднак медыкі папярэджваюць, што калі будзе ўспышка, сістэма аховы здароўя з ёй не здолее саўладаць. З сакавіка ў гэтай краіне дзейнічаюць каранцінныя меры і надзвычайнае становішча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.