Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка прыгразіў беларускім блогерам

Ігар Петрышэнка не выключае, што не ўсіх яшчэ запалохалі і "зачысцілі"

Ігар Петрышэнка не выключае, што не ўсіх яшчэ запалохалі і "зачысцілі" / БЕЛТА

Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка прыгразіў беларускім блогерам. У аўторак ён удзельнічаў у пасяджэнні калегіі Мінінфарма, дзе абмяркоўваліся вынікі 2023 года і планы на бягучы год. Чыноўнікі шмат гаварылі пра "дасягненні". Петрышэнка падкрэсліў, што трэба не толькі развіваць інфармацыйную прастору, але і "актыўна яе абараняць". А пасля ўдакладніў, што варта працягваць выяўляць "дэструктыўную інфармацыю, накіраваную на дэстабілізацыю грамадства", і хутка рэагаваць.

"Асобна хачу сказаць пра дзейнасць блогераў, — цытуе словы віцэ-прэм'ера БЕЛТА. — У апошні час блогеры ўсё часцей становяцца лідэрамі меркаванняў, асабліва для падлеткавай і нават дзіцячай аўдыторыі. Часцяком чужыя каштоўнасці і прыярытэты ўкладваюцца блогерамі ў неакрэплыя розумы. І гэты факт не можа не насцярожваць".

Ігар Петрышэнка адзначыў, што "на блогераў, як і на ўсіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ускладзены абавязкі па выкананні нацыянальнага заканадаўства". Таму Мінінфарму "неабходна неадкладна прымаць адпаведныя меры рэагавання". А як гэтае "рэагаванне" ці "зачыстка" адбываецца, добра вядома. Нямала блогераў, якія не выехалі з Беларусі, пабывалі за кратамі ці знаходзяцца там і цяпер.

Апошні прыклад — Віталь Усціновіч з Віцебска, які правёў 25 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. "Здавалася б, нікуды не лез, здымаў толькі рыбалку, падарожжы і кансервы нашыя любімыя. У выніку ўсё роўна забралі..." — гаварыў ён перад судом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі