Пракапеня патлумачыў, чаму блакіроўка Хартыі і Белпартызана нявыгадная дзяржаве
IT-бізнесмен Віктар Пракапеня патлумачыў, чаму блакіроўка сайтаў, "Белпартызана", “Хартыі’97” нявыгадная беларускай дзяржаве. На сваёй старонцы ў Facebook ён піша, што зварот у справе блакіроўкі збіраўся напісаць яшчэ ў канцы мінулага года, калі праблемы ўзніклі ў сайта “Беларускі партызан”. Пракапеня лічыць, што ў нашай краіне да апошняга часу “20 гадоў быў цалкам свабодны інтэрнэт, калі не лічыць кароткатэрміновай блакіроўкі сайтаў падчас пратэстных мерапрыемстваў”. “У старажытнагрэцкай міфалогіі ў гідры, калі ёй адсякалі адну галаву, на яе месцы вырастала тры. На мой погляд, гэта самая падыходзячая метафара для тлумачэння таго, што будзе адбывацца далей”, — піша бізнесмен.
Віктар Пракапеня прыводзіць 5 пунктаў, у якіх выкладае сваю пазіцыю наконт таго, чаму блакіроўка сайтаў нявыгадная дзяржаве:
"1. Няма лепшай рэкламы сайтаў, чым іх блакіроўка. Досвед блакіроўкі сайтаў у дзяржустановах паказвае, што блакіраваныя сайты карыстаюцца ў чыноўнікаў вялікай папулярнасцю: проста доступ да іх адбываецца не з рабочых камп'ютараў, а з мабільных тэлефонаў. Каб абысці блакіроўку, трэба паставіць іншую праграму для доступу ў інтэрнэт, напрыклад Tor ці Opera. Нават пенсіянер спраўляецца з гэтай задачай менш чым за 5 хвілін. Няма сэнсу ў тым, каб секчы галовы гідры ці тушыць пажар бензінам.
Заблакаваны сайт, павялічыўшы свой трафік за кошт такой рэкламы, хутчэй за ўсё, яшчэ больш радыкалізуецца, гэтак жа як радыкалізуецца яго аўдыторыя. Google trends, хоць і не самы чысты інструмент для вымярэння, ужо паказвае рост папулярнасці заблакаванага сайта на 20%.
2. Магчымы пераход вялікай колькасці грамадзян на праграмы накшталт Tor ці Opera прывядзе да ўскладнення працы па расследаванні злачынстваў, у якіх выкарыстоўваўся інтэрнэт (цяпер такіх усё больш) — дзяржава не зможа бачыць не толькі калі грамадзяне наведваюць заблакаваныя сайты, але і любыя іншыя. Вялікая колькасць аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў стане немагчымым. Як следства — калі раскрываць злачынствы больш складана, то злачыннасць можа вырасці. У выпадку, калі сапраўды трэба будзе закрыць доступ да нейкіх сайтаў падчас нейкага “пажару”, а большасць грамадзян выкарыстоўвае Тоr для доступу да інтэрнэту, закрыць доступ да гэтых сайтаў стане немагчыма.
3. Сайты сёння могуць выкладваць ўвесь свой кантэнт у сацыяльных сетках, напрыклад instant articles у FB. У выніку ўсё большая колькасць людзей пераходзіць у сацыяльныя сеткі для атрымання інфармацыі, што мае супрацьлеглы эфект ад таго, што мае на ўвазе блакіраванне сайта.
4. Блакіраванне СМІ без папярэджання і без адвядзення часу на ліквідацыю парушэнняў — гэта ўскладненне міжнародных адносін. Шкода іміджу відавочна ўсім, пра яе нават няма сэнсу пісаць. У апошні час мы прарабілі вялікую працу з амерыканскімі юрыстамі і лабістамі, каб разблакіраваць аплатную сістэму Paypal у Беларусі. Беларусы не могуць скарыстацца гэтай аплатнай сістэмай, у гэтым спісе мы побач з Зімбабвэ, Ліберыяй і Паўночнай Карэяй.
Рaypal неабходны, каб маленькім кампаніям было лягчэй працаваць, а вялікія і так могуць працаваць праз свае філіялы. У выпадку працягу сітуацыі з блакіроўкай сайтаў гэта немагчыма.
5. У сацыяльных сетках выказваюць меркаванні, што прэзідэнт асабіста аддаў загад аб блакаванні. Больш верагодным мне здаецца наступны сцэнар: нейкае ведамства паставіла свой інтарэс вышэй за інтарэс дзяржавы. Атрымаць 100 тысяч долараў на баланс свайго ведамства, калі дзяржава страціла 100 мільёнаў — гэта класіка жанру.
Можа прайсці ўсяго пару тыдняў, і колькасць наведванняў на заблакаваным сайце вырасце. Але гэтая наведвальнасць не будзе адлюстроўвацца ў справаздачах беларускіх правайдараў. Затое гэтае ведамства зможа паведаміць пра тое, што па іх статыстыцы ніхто ў Беларусі заблакаваны сайт не наведвае. У выніку асобнае ведамства ў плюсе, а дзяржаве панесла значныя страты. Гэта тлумачэнне мне здаецца найбольш верагодным”.