Вільня — адзін з цэнтраў супраціву рэжыму Лукашэнкі, заявілі ў Сейме Літвы
Вікторыя Чміліце-Нільсэн / delfi.lt
Старшыня Сейма Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн у інтэрв'ю тэлеканалу "Настоящее время" заявіла, што аднаўленне дачыненняў з Беларуссю і Расіяй немагчымае, пакуль працягваецца расійская агрэсія супраць Украіны. "Варта разумець, што мы не можам вярнуцца да развіцця дачыненняў з Расіяй і беларускім рэжымам у фармаце business as usual, — кажа яна. — Прынамсі, да таго часу, пакуль супраць украінцаў працягваецца агрэсія, і да таго часу, пакуль Украіна не пераможа ў вайне і не заключыць мір на сваіх умовах".
Чміліце-Нільсэн падкрэслівае, што варта падзяляць грамадзян Беларусі і рэжым Лукашэнкі, які "трымае ў зняволенні, катуе, пераследуе і жорстка душыць любыя зародкі дэмакратыі".
"Вільня з'яўляецца адным з цэнтраў супраціву рэжыму Лукашэнкі, — працягвае старшыня Сейма Літвы. — І, як мне здаецца, цяпер будучыня дэмакратыі ў Беларусі, так ці інакш, таксама вырашаецца на палях бітваў ва Украіне. Пра гэта, дарэчы, гаворыць і Святлана Ціханоўская, якая з'яўляецца афіцыйнай госцяй Літоўскай Рэспублікі. У выпадку поспеху Украіны вельмі імаверна, што і ў Беларусі дэмакратычныя змены будуць праходзіць лягчэй, чым у іншых умовах".
Вікторыя Чміліце-Нільсэн кажа, што Літва хоча, каб яе ўсе суседзі былі дэмакратычнымі краінамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.