"ВКонтакте" і "Аднакласнікі" скарацілі ліміт на бясплатнае праслухоўванне музыкі
Карпарацыя Mail.Ru Group знізіла ліміт бясплатнага фонавага праслухоўвання музыкі з мабільных тэлефонаў у сацсетках "ВКонтакте" і "Аднакласнікі", а таксама ў музычным сэрвісе Boom. З лістапада карыстальнікам сацсетак у фонавым рэжыме даступна толькі 30 хвілінаў аўдыёзапісаў за суткі.
Для адмены абмежавання спатрэбіцца аформіць падпіску ў дадатку Boom. Яна каштуе 149 расійскіх рублёў за месяц ($2,5).
У вэб-версіях сацсетак праслухоўванне музыкі па-ранейшаму не абмяжоўваецца.
Mail.Ru Group паэтапна абмяжоўвае аматараў музыкі ў "ВКонтакте" і "Аднакласніках". З кастрычніка час фонавага праслухоўвання музыкі ў мабільных дадатках гэтых сацсетак абмежавалі да 60 хвілінаў за суткі.