Выканкамы, лякарні, лясгасы і турмы масава закупляюць сцягі
Сцяг над турмой у Жодзіне
На фоне пратэстаў, якія працягваюцца амаль чатыры месяцы, і "барацьбы сімвалаў" улады вырашылі нагадваць пра афіцыйную сімволіку практычна ўсюды. Цяпер чырвона-зялёныя сцягі лунаюць над універсітэтамі, адміністрацыйнымі будынкамі і нават турмамі.
Як высветліла Еўрарадыё, цяпер па ўсёй краіне актыўна праходзяць закупкі дзяржаўных сцягоў. І грошы на гэта выдаткоўваюцца немалыя.
Напрыклад, ужо паспела нашумець закупка Белдзяржуніверсітэта: ВНУ гатова выдаткаваць амаль 14 тысяч рублёў на распрацоўку праекта па ўсталяванні сцяга на будынак галоўнага корпуса і на будынак, дзе размешчаны журфак і філасофскі факультэт. Пачаць работы плануюць ужо ў гэтым снежні.
Амаль пяць тысяч рублёў на сцягі ўжо выдаткавала Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, размешчаная на вуліцы Някрасава. У гэту суму ўваходзяць два сцягі паўтара на тры метры і чатырохметровыя флагштокі, а таксама іх усталяванне. Ёсць яшчэ адна закупка: тая самая сума, але чатыры сцягі.
На шэсць тысяч рублёў сцягі і флагштокі ў канцы лістапада закупіла Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Памеры 70 паўтараметровых сцягоў — па 0,75 на паўтара метра. Дзе яны будуць размешчаныя, не паведамляецца, але, хутчэй за ўсё, на мясцовых аддзяленнях інспекцыі.
Пяць тысяч рублёў на сцягі і спадарожныя прадметы выдаткавала кіраванне СК па Мінскай вобласці. Амаль чатыры тысячы — УСК па Магілёўскай вобласці, а па Гродзенскай — 3,5 тысячы.
Адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска на закупку дзяржсімволікі патраціла па двух тэндарах больш за 4,3 тысячы рублёў. Для параўнання: у Маларыцкім раёне траты на сцяг больш сціплыя — усяго 500 рублёў.
Закупляюць дзяржсімволіку воінскія часці, лякарні, выканкамы, турмы, лясгасы і сельсаветы.
З 1 лістапада да 7 снежня было размешчана 80 падобных тэндараў, у многіх выпадках гаворка ідзе пра цэнтралізаваныя закупкі цэнтраў па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, гэтыя сцягі потым будуць перададзеныя ўстановам. Для параўнання: з 1 жніўня да 7 верасня такіх тэндараў было ў два разы менш, а з 1 лютага да 7 сакавіка — у чатыры. Так што відавочна: патрэба ўладаў у дзяржсцягах расце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.