"Вёска дапаможа": Юра Стыльскі пра "маленькі Тайланд" і нязваных гасцей
"Дай Дарогу!" на святкаванні 100-годдзя БНР у Мінску / з архіва гурта
У гурта "Дай Дарогу!" вось-вось выйдзе новы маштабны альбом, што складаецца з 18 песень і мае вокладку з Нінай Багінскай. Ён павінен быў з'явіцца яшчэ ў жніўні, але падзеі, якія здарыліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, адсунулі яго выхад на няпэўны тэрмін — было не да прэм'ер, кажа лідар гурта Юра Стыльскі.
А яшчэ 15 жніўня Юра ішоў на чале шэсця прыхільнікаў перамен па цэнтры Брэста. Яго затрымалі, але на наступны дзень адпусцілі, папярэдзіўшы, каб больш на вуліцы не з'яўляўся. Праз пяць дзён зноў затрымалі для размовы. З тых часоў, кажа музыка, да яго "ў госці" перыядычна наведваецца міліцыя, якая дакладна ведае пра ўсе ягоныя перамяшчэнні.
Пра новых беларусаў, сваё абуджэнне, лекцыі ў РАУС і жыццё без канцэртаў Юра расказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё.
"Свабоду Юрыю Стыльскаму"
Калі мяне прывезлі ў РАУС, яны не ведалі, хто я такі. За тое, што я быў са сцягам, мяне прыцягнулі як звычайнага шараговага пратэстоўца. А 16 жніўня на плошчу выйшла вельмі шмат людзей, яны прыйшлі з плакатамі "Свабоду Юрыю Стыльскаму", выклікалі мэра Брэста Рагачука. І ён даў загад, каб мяне адпусцілі. У ізалятар прыйшлі следчыя і сказалі, што мяне адпускаюць. Без суда, без штрафу. Выпусцілі, але папярэдзілі, каб я больш нідзе не з'яўляўся. Ну а паколькі да мяне не дайшло — я праз суткі зноў выйшаў на вуліцу, мне цікава — я ж з народам. Мяне знялі на фота, у тым ліку і ціхары. Другі раз арыштавалі — маўляў, не дайшло? Таму цяпер "сякуць", глядзяць, сочаць, лічаць, што я нейкім чынам магу паўплываць на людзей і на іх настроі.
Маленькі Тайланд
Усё гэта бачаць: беларусы як быццам бы прачнуліся. У нас нейкі маленькі Тайланд наступіў, усе адно аднаму пачалі ўсміхацца. А то хадзілі сагнутыя, пад нейкім цяжарам, адно ў аднаго не верылі, у пад'ездзе не віталіся. Цяпер пачалі мець зносіны дварамі, сем'ямі, чатамі. Зноўку нарадзіліся беларусы, і гэта адчуваецца папраўдзе. Я іду, і са мной незнаёмыя людзі вітаюцца. Мяне пазнаюць не як музыку “Дай Дарогу!", а як брата — я за іх жа выйшаў! Народ ачуўся, стаў іншы. Мне да гэтага часу не верыцца, што гэта так.
"Дзе ты жывеш, у рэшце рэшт?"
Дзесяць гадоў таму я не так на ўсе рэагаваў. Магчыма, быў іншы круг зносін, не было людзей, якія маглі б на мяне паўплываць. Усе былі нейкія паўвялыя: выбары — ай, я не пайду. Але цяпер мы ўперліся ў такі пункт, калі казаць, што мне пофіг, — гэта не тое што не грамадзянская пазіцыя, гэта нейкая нечалавечнасць. Або ты не беларус? Дзе ты жывеш, у рэшце рэшт?
"Людзі звальняюцца з заводаў і на закаткі пераходзяць, а тут канцэртаў няма"
Мяне наведваюць думкі, можа, не занадта вясёлыя. Перыяд прайшоў, але да гэтага ў мяне галава была забітая толькі навінамі і тым, што робіцца, што людзям не даюць адкрыць рот, да чаго мы ідзём. У гэтым вар'яцтве я вельмі моцна перажываў, а ў такім стане, натуральна, і натхненне прыходзіць, толькі трэба ўзяцца.
Каму цяпер лёгка? Людзі з заводаў звальняюцца і на закаткі пераходзяць, а тут канцэртаў няма! Ды перажывём: вёска дапаможа, сала парэжам — глупства! Абы перамога была не за гарамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.