WSJ: ЗША гатовыя прыпыніць санкцыі супраць беларускага калію
ЗША гатовыя прыпыніць санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў, калі афіцыйны Мінск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа ў Літву. Пра гэта піша The Wall Street Journal.
Аднак чыгункай праз Польшчу і Беларусь можна арганізаваць перавозку толькі 10% украінскага хачовага экспарту. Таму актуальнай застаецца пытанне дэблакады ўкраінскіх чарнаморскіх партоў. Без украінскага збожжа краінам Трэцяга Свету пагражае голад.
Праблему з экспартам украінскага харчавання абмяркоўвалі ў чацвер у Савеце бяспекі ААН. У пасяджэнні ўдзельнічалі генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Ва ўкраінскіх зернясховішчах назапашана на экспарт 20 мільёнаў тон збожжа. Без украінскіх паставак вырастуць цэны на прадукты харчавання. І калі для заходніх краін гэта не крытычна, то рост цэн на ежу ў такіх краінах, як Егіпет, Марока, Шры-Ланка, Пакістан, можа выклікаць сур'ёзны крызіс.
"Мы працуем над дасягненнем такога пакетнага пагаднення, якое дазволіць экспарт сельгаспрадукцыі Украінай не толькі чыгуначным шляхам, але і праз Чорнае мора, і выведзе расійскія прадукты харчавання і ўгнаенні на сусветныя рынкі без усякіх абмежаванняў", — заявіў 19 траўня Гутэрыш.
Раней ён ужо агучваў свае прапановы: змякчыць санкцыі супраць Беларусі і Расіі ўзамен за магчымасць паставак украінскага збожжа з чарнаморскіх партоў.
Аднак дыпламаты кажуць, што Расія не ідзе насустрач у пытанні дэблакады чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны. Таму ЗША разглядаюць магчымасць транзіту ўкраінскага збожжа ў порт Клайпеды праз Беларусь. Узамен на гэта прапануецца на паўгода прыпыніць санкцыі супраць беларускага калійнага сектара.
"Беларуськалій" трапіў пад санкцыі ЗША ў 2021 годзе. Гэта быў адказ на ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі і штучнае стварэнне мігранцкага крызісу на мяжы з Еўрасаюзам. Пазней пад абмежаванні трапіла і Беларуская калійная кампанія (БКК). Рэальна санкцыі супраць паставак беларускіх калійных угнаенняў запрацавалі толькі ў лютым 2022 года, калі Літва спыніла іх транзіт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.