"Я легенда" - самы касавы фільм

Новы фільм Уіла Сміта ўзначаліў рэйтынг самых касавых фільмаў, выдадзеных у снежні на тэрыторыі ЗША. Паводле паведамлення агенцтва Reuters, карціна "Я легенда" (I Am Legend) за выходныя сабрала 76,5 мільёна долараў, пакінуўшы ззаду папярэдні блокбастэр-рэкардсмен "Уладальнік пярсцёнкаў".

Цікава, што студыя Time Warner чакала, што карціна з Уілам Смітам у галоўнай ролі ў дэбютны ўік-энд збярэ не больш за 40 мільёнаў.

Нагадаю, што "Я легенда" - фільм рэжысёра Фрэнсіса Лоўрэнса, які распавядае пра жудасны вірус, што знішчыў усё насельніцтва Зямлі. Выжыў толькі герой Уіла Сміта.

Дадам, што другую пазіцыю рэйтынгу заняў фільм "Элвін і бурундукі", - гэтая карціна прынесла стваральнікам 45 мільёнаў долараў.

На трэцяе месца апусціўся лідэр мінулага тыдня "Залаты Компас". Стужка з Ніколь Кідман у галоўнай ролі прынесла стваральнікам усяго толькі 9 мільёнаў долараў, што на дзве траціны менш, чым тыдзень таму.

Reuters адзначае, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года продажы квіткоў у амерыканскіх кінатэатрах падняліся больш, чым на 36 адсоткаў.

Фота: film.onet.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі