Як адно слова дазваляе недаплачваць пенсіянерам па 37 рублёў у месяц
Сярэдняя пенсія па ўзросце ў Беларусі з 1 траўня 2018 года — 340 рублёў 53 капейкі, а сярэдняя зарплата за травень — 943 рублі 90 капеек. "Сярэдні" пенсіянер атрымлівае крыху больш за трэць ад таго, што атрымлівае "сярэдні" працаўнік.
Пытанне нацыянальнай бяспекі
Але хіба беларускі ўрад не абяцаў, што сярэдняя пенсія па ўзросце будзе складаць як мінімум 40% ад сярэдняй зарплаты? Абяцаў! Гэта было яшчэ ў 2014 годзе. У "Генеральным пагадненні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2014-2015 гады" чытаем:
"Пацверджаная задача забяспечыць і ў далейшым суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы работнікаў на ўзроўні не ніжэй за 40 працэнтаў".
У сакавіку 2016 года Марыяна Шчоткіна, тады яшчэ міністр працы і сацыяльнай абароны, пацвердзіла намер уладаў ўтрымаць сярэднюю пенсію хоць бы на ўзроўні 40% да сярэдняй зарплаты. Паводле яе слоў, калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі да заработнай платы былі 45%, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7%.
"Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыю, пры якой гэтыя суадносіны апусціліся б ніжэй за 40%. Добра было б, каб павялічваліся", — сказала міністр.
Калі б сёння гэтыя абяцанні выконваліся, сярэдняя пенсія павінна была б складаць не менш 377 рублёў 56 капеек. Нагадаем, з 1 мая 2018 года яна складае 340 рублёў 53 капейкі.
А дзе ж астатнія 37 рублёў?
Тут, як той казаў, ёсць нюанс. Генеральнае пагадненне паміж урадам Беларусі і прафсаюзамі перазаключаюцца раз на 2-3 гады. І вось, у пагадненні на 2016-2018 гады абзац пра пенсіі... апынуўся злёгку адрэдагаваным:
"Прымаць меры, накіраваныя на забеспячэнне суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы работнікаў да ўзроўню не ніжэйшага за 40 працэнтаў".
Адчуваеце розніцу паміж "забяспечыць" і "прымаць меры, накіраваныя на забеспячэнне"? А беларускія пенсіянеры адчуваюць! Гэтая розніца роўная 37 рублям і 3 капейкам, якія дзяржава кожны месяц недаплачвае "сярэдняму" пенсіянеру.
Давайце палічым, колькі замена аднаго слова дазваляе дзяржаве зэканоміць на пенсіянерах.
Да пачатку 2018 года ў Беларусі было 2 377 364 чалавекі, старэйшых за працаздольны ўзрост. Гэтая лічба прыблізна адпавядае колькасці тых, хто атрымлівае пенсію па ўзросту. У сярэднім кожны з іх цяпер атрымлівае па 340 рублёў 53 капейкі ў месяц. А калі б дзяржава не замяніла ў генеральным пагадненні слова "забяспечыць" на словы "прымаць меры, накіраваныя на забеспячэнне", атрымлівалі б 377 рублёў 56 капеек.
Розніца для кожнага з 2,3 млн пенсіянераў па ўзросце — 37 рублёў і 3 капейкі. За месяц дзяржава эканоміць на іх 88 млн рублёў, а за год — аж 1 млрд 56 млн рублёў. А ўсё дзякуючы таму, што перадумала "забяспечваць", а вырашыла "прымаць меры, накіраваныя на забеспячэнне"!