Як хлопцы з чаргі да SYMBAL.by спрабавалі апраўдацца, але іх усё роўна асудзілі
Суд Савецкага раёна Мінска, дзе судзяць затрыманых / Еўрарадыё
23 ліпеня, 10:20. Каля ўвахода ў суд Савецкага раёна Мінска натоўп. Тут разглядаюць справы хлопцаў, якіх АМАП выхапіў з чаргі да крамы SYMBAL.by.
Па "праграме", вывешанай на дзвярах кабінетаў суддзяў, на кожнае пасяджэнне адведзена паўгадзіны. План не вытрымлівае сутыкнення з рэальнасцю — кожны суд доўжыцца больш за гадзіну. З дзевяці пасяджэнняў было праведзена толькі шэсць, тры перанесеныя на 29 ліпеня.
Роўна месяц таму, 23 чэрвеня, людзі сталі ў чаргу да крамы SYMBAL.by, каб купіць футболкі і іншыя рэчы з беларускай сімволікай. Раптам каля ўзбочыны тармазнуў аўтазак. Чарга кінулася хто куды, але байцы АМАПа дагналі некалькіх хлопцаў. Сярод іх быў Рафік Кенгерлі — яго сёння судзяць першым.
Суддзя адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы відэа
Рафік трымаецца ўпэўнена. Ён просіць суддзю далучыць да справы фота і відэа свайго затрымання.
— Якое яны маюць дачыненне да справы? — пытаецца суддзя.
— Там відаць, што я не супраціўляўся, як пазначана ў пратаколе. І чуваць, што ў чарзе ніхто не выкрыкваў лозунгаў, — адказвае хлопец.
Суддзя Аляксандр Воўк адхіляе хадайніцтва, "паколькі цяпер даследуюцца матэрыялы справы". Вы, маўляў, маеце права заявіць гэта хадайніцтва "ў далейшым".
У пратаколе сказана, што 23 чэрвеня Рафік Кенгерлі "прыняў актыўны ўдзел у мітынгу, не звязаным з выбарчай кампаніяй, без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, чым парушыў усталяваны артыкулам 10 закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" парадак правядзення мітынгаў, выкрыкваў лозунгі "Стоп таракан!" і "Сыходзь!". Таксама Рафік, "маючы намер на непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў РАУС, з'яўляючыся асобай, не падпарадкаванай яму па службе, будучы затрыманым за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, паводзіў сябе агрэсіўна, нахабна, абуральна".
— З пратаколамі згодны?
— Не згодны.
— Віну прызнаяце?
— Не прызнаю.
Забягаючы наперад, напісанае супрацоўнікамі міліцыі ў пратаколе станецца для суддзі важнейшым, чым фота і відэа, якое ён "у далейшым" так і не далучыць да матэрыялаў справы на падставе таго, што "ўстанавіць іх паходжанне не ўяўляецца магчымым".
Сведка з кабіны аўтазака
Сведкі па справе — двое міліцыянераў. Іх апытваюць па скайпе.
Баец АМАПа Ігар Цярпіцкі расказвае, як у 19:20 23 чэрвеня ад дзяжурнага паступіла паведамленне, што паблізу дома па праспекце Машэрава, 18 (адрас крамы SYMBAL.by) "здзяйсняюцца хуліганскія дзеянні і разбітая машына, а яшчэ праходзіць незаконны мітынг трыццаці чалавек".
— Пры затрыманні гэты грамадзянін спрабаваў уцячы. Мы падышлі або нават падбеглі. Мы сказалі, што ён павінен прайсці ў транспартны сродак. Чалавек адмовіўся, вырываўся, не хацеў. Праводзілі затрыманне са старшым нарада, — расказвае пра затрыманне Кенгерлі Цярпіцкі.
— Колькі часу прайшло ад вашага прыезду да майго затрымання? — пытаецца Рафік.
— Практычна адразу, — адказвае амапавец.
— Вы чулі, як я выкрыкваў лозунгі? — здзіўляецца хлопец.
— Паводле інфармацыі дзяжурнага, — адказвае Цярпіцкі.
— Як я супраціўляўся, калі вы мяне затрымалі? — удакладняе затрыманы.
— Вы ўпіраліся нагамі, спрабавалі ўцячы, — адказвае амапавец.
Суддзя просіць паклікаць другога сведку. Праз некаторы час ён з'яўляецца. Манітор павернуты ў бок суддзі — мы не бачым, што адбываецца ў кадры.
Раман Пятровіч працуе ва УУС Мінгарвыканкама.
— Паводле інфармацыі дзяжурнага нам былі раздадзеныя прыкметы. Па прыбыцці на праспект намі быў затрыманы грамадзянін Кенгерлі, — расказвае ён.
— Па якіх прыкметах вы мяне затрымалі? — удакладняе хлопец.
— Я цяпер не магу сказаць, але прыкметы былі запісаныя ў службовую кніжку. Вонкавы выгляд адпавядаў, — адказвае міліцыянер. — Я не памятаю, прайшоў месяц.
— Вы са спіны зразумелі, што я падыходжу пад апісанне? — Рафік спрабуе злавіць сілавіка на супярэчнасці.
— Ну, не са спіны. Загадзя, яшчэ на заездзе, — удакладняе той.
— Вы бачылі, як я парушаю грамадскі парадак?
— Так.
— Вы сказалі, што бачылі з транспарту. Акно было адчынена?
— Я знаходзіўся ў кабіне. Там добры агляд.
— Гэта значыць, вы не чулі, што я крычаў?
— Не.
Здаецца, вось яна, супярэчнасць. Міліцыянер не можа пацвердзіць, ці сапраўды Рафік удзельнічаў у мітынгу. Суддзя выходзіць у дарадчы пакой.
Праз 15 хвілін ён карае Рафіка Кенгерлі штрафам на 108 рублёў ($50).
Транспартны сродак МАЗ
Другое пасяджэнне ў гэтага ж суддзі пачынаецца хвілін праз сорак. Яно, як пад капірку, паўтарае першае. Ставяцца ў віну тыя ж правапарушэнні. Выступаюць тыя ж сведкі. Толькі абвінавачваецца іншы чалавек — Аляксандр Паплаўскі.
Паводле яго слоў, ён прыйшоў у краму SYMBAL.by, каб купіць рэчы, калі яшчэ чаргі не было. Праз час, знаходзячыся ў краме, пачуў, што на вуліцы "пачалося нейкае хваляванне". Калі аўтазак з'ехаў, Паплаўскі выйшаў на вуліцу. Але аўтазак раптам пад'ехаў зноў, і хлопца закінулі ў яго.
Амапавец Цярпіцкі кранальна папраўляе Паплаўскага, калі ён удакладняе, колькі чалавек вялі яго ў аўтазак:
— Мы вялі вас у транспартны сродак МАЗ.
— Гэта вы мне шапталі: "Ідзі сам, ідзі сам"? — пытаецца абвінавачваны.
— Не магу ўспомніць.
Ёсць відэа, якое абвінавачваны хлопец зняў з акна крамы, — цалкам відавочна, што ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў у момант, калі адбываліся першыя затрыманні. Момант, калі затрымалі яго самога, таксама трапіў на відэа. Але суддзя адмаўляе ў далучэнні ролікаў да матэрыялаў справы.
Паплаўскі таксама спрабуе лавіць сведак-міліцыянераў на супярэчнасцях:
— Ваш напарнік сказаў, што вы затрымалі мяне, калі я ўцякаў. А вы кажаце, што я стаяў.
— Цяжка адказаць. Ужо месяц прайшоў, — проста адказвае міліцыянер. Суддзі гэтага дастаткова.
Аляксандр Паплаўскі заяўляе траіх сведкаў са свайго боку. Гэта ўжо згаданы тут Рафік Кенгерлі, а таксама іншыя хлопцы, затрыманыя ў чарзе, — Уладзіслаў Кавалёў і Ігар Сурынін. Яны расказваюць сваю версію таго, што адбылося, — людзі проста стаялі ў чарзе, пад'ехаў аўтазак, адбыліся затрыманні.
Суддзя выходзіць для прыняцця рашэння. Хвілін праз дзесяць ён вяртаецца і карае Аляксандра Паплаўскага штрафам на 108 рублёў.
23 ліпеня былі асуджаныя шасцёра хлопцаў з чаргі да SYMBAL.by. пяцярых суд пакараў 108 рублямі штрафу, а Ілья Дземчанка атрымаў штраф на 189 рублёў. Крама кампенсуе ім гэтыя выплаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.