Як Санта-Клаўсы беглі крос на Цнянцы (шмат фота)
У Мінску прайшоў забег Санта-Клаўсаў. Такія вясёлыя спаборніцтвы ладзяцца ва ўсім свеце перад каляднымі і навагоднімі святамі. Цяпер нешта падобнае арганізавалі і ў Беларусі.
Імпрэза прайшла на Цнянскім вадасховішчы. Удзельнікам прапаноўвалі прабегчы дыстанцыю ў 1,5 км, 5 км, 10 км або 15 км. На кароткія дыстанцыі дапускаліся нават дзеці (1,5 км можна было бегчы ўжо 8-гадовым, калі дазволяць бацькі). На 10 і 15 км дапускалі ўдзельнікаў ад 16 гадоў.
Адзінай умовай была наяўнасць касцюма або элементаў касцюма Санта-Клаўса. Дапускаліся таксама Дзяды Марозы і Снягуркі.
На фінішы ўдзельнікаў чакалі медалі, мандарыны, гарбата і святочныя паштоўкі.