Як сустракаць Каляды згодна з традыцыяй

24 снежня на змярканні ў кожным доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям’я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста. Як усё чалавецтва калісьці чакала прыйсця Збаўцы, так заўсёды святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт — час падрыхтоўкі, час навяртання сэрцаў, час радаснага чакання. Яго завяршае менавіта гэтая вігілійная вячэра.

Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў гэты вечар спалучаныя са строгім пастом: сярод страваў, якія знаходзяцца на стале, толькі посныя стравы.

У тым, што датычыць стала, у свеце і нават у нашай невялікай краіне, існуе шмат розных традыцый і звычаяў. Але ўсе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай ‑ прэсным белым хлебам, загадзя асвячаным у касцёле.

Аплатка (ламанцы) ‑ гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе эўхарыстычным.

Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям’і, пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме.

Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пры гэтым трэба падзяліцца аплаткай з кожным, хто ў гэты вечар знаходзіцца за адным сталом.
Пасля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у касцёл.

Апрача штогадовага адзначэння пасхальнай таямніцы няма нічога больш старажытнага ў Касцёле, чым успамін пра Нараджэнне Пана і Яго першыя аб’яўленні. Святая Імша, якая служыцца з надыходам ночы, называецца Пастэрка ‑ ад лацінскага слова pastor (пастух) ‑ бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак.

Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі ‑ іх жывёла.

Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд Божага Нараджэння: у найбольш заўважным месцы падрыхтаваныя яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца Яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене ‑ вол з вослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі…

Паводле сайта catholic.by

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі