Як сям’я з 7 дзецьмі збіраецца ў школу: На кірмашы дачцэ проста падарылі сарафан

Як сям’я з 7 дзецьмі збіраецца ў школу: На кірмашы дачцэ проста падарылі сарафан

“Учора кветкі ў букеты да другой гадзіны ночы збіралі”, — распавядае Ганна Ізотава, якая 1 верасня адпраўляе ў школу пяцярых дзяцей. Агулам іх у сям’і Ізотавых сем!

Варвара ідзе ў 11 клас, Захар — у 10-ы, Іван — у 7-ы, Мікалай — у 5-ы, а Ганна — у 4-ы. Зборы пачынаюцца ў 6:30 раніцы, а заканчваюцца бліжэй да восьмай. 

Як сям’я з 7 дзецьмі збіраецца ў школу: На кірмашы дачцэ проста падарылі сарафан

Маці Ганна і дачка Варвара, якая вучыцца ў выпускным класе, устаюць раней за ўсіх. А малодшую дачку, якая сёлета ідзе ў садок, будзяць у апошнюю чаргу. На пакупкі да школы ў сям’і сыходзіць каля 300 рублёў без уліку вопраткі. Але ў іх свае сакрэты і прыемныя нечаканасці.

На кірмашы адной з дачок, пабачыўшы сям’ю, проста так падарылі кашулю і сукенку.

“Дзевяцігадовай дачцэ проста падарылі школьную кашулю, сарафан і спадніцу. А так адкладваць у нас на зборы да школы не атрымлівалася. Дапамагалі сваякі, бабулі”, — расказвае Ганна Ізотава.

Толькі на кветкі да школы ўсім дзецям сям’і Ізотавых ідзе каля 40 рублёў. Прычым часткова букеты яны рабілі самі. Дапамога ад дзяржавы на адно дзіця на падрыхтоўку да школы — 50 рублёў.

“Трэба было абавязкова Варвары у гаршчэчку кветку набыць, каб засталася памяць для настаўніка. Таксама мы набылі хрызантэм і гіпсафілаў,  размеркавалі ўсё па букетах, вось так і атрымалася шэсць букетаў”, — дзеліцца сакрэтамі Ганна.

Дзеці вучацца ў розных школах, таму траіх з іх забіраюць на машыне суседзі, з чыімі дзецьмі вучацца Ізотавы. Іншыя дабіраюцца ў школу разам з бацькам, таксама на машыне.

Старэйшая дачка ўжо вучыцца ва ўніверсітэце, у БДУІры, дапамагае малодшым рабіць урокі. А пакуль ідуць зборы да школы, яна яшчэ спіць, на пары толькі да другой гадзіны дня.

“Старэйшая дачка адказвае за ўрокі па дакладных прадметах, я правяраю мовы, муж —біялогію і геаграфію, дзелім іх на ўсіх. Дзяўчынкі вучыліся самі, а вось хлопцаў трэба глядзець”, — кажа Ганна Ізотава.

Шмат вольнага часу ў Ганны ідзе на дапамогу дзецям з вучобай. Мама семярых дзяцей чакае, калі пачнецца паступленне і трэба будзе шукаць грошы на падрыхтоўку ў рэпетытараў ці на курсах.

Старэйшая дачка, якая цяпер ужо студэнтка, праўда, скончыла школу з залатым медалём і паступіла без дапамогі рэпетытараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі