Як у Вільні ўшанавалі памяць Каліноўскага і яго паўстанцаў
У Вільні памяць паўстанцаў ушанавала шмат беларусаў
У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і яго паўстанцаў. У нядзелю ў мемарыяльных мерапрыемствах паўдзельнічалі беларусы, літоўцы, палякі і ўкраінцы. Спачатку ў Кафедральным саборы прайшло набажэнства, а пасля ўрачыстая цырымонія на могілках Росы, дзе пахаваныя ўдзельнікі вызваленчага паўстання, а сярод іх і Каліноўскі.
Герояў паўстання 1863-1864 гадоў ушанавалі кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, амбасадар Украіны ў Літве Пётр Бешта.
"Тыраны могуць знішчыць помнікі, перапісаць падручнікі, закатаваць людзей у турмах, але ім ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух, — гаварыла Ціханоўская. — Гэты дух сёння жыве ў мільёнах беларусаў. У тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м. У нашых бясстрашных ваярах, якія абараняюць Украіну. У нашых нязломных палітвязнях, якія праходзяць праз здзекі ў лукашэнкаўскіх турмах. Ён жыве ў нашых партызанах. У сумленных выкладчыках і музыках. Мастаках і актывістах. Гэты дух жыве ва ўсіх нашых свабодалюбівых народах. І наш абавязак — давесці да канца справу, распачатую паўстанцамі. Я веру, што гэтым разам у нас усё атрымаецца. Тыранія пацярпіць паразу".
Наўседа звярнуў увагу на агрэсію Расіі супраць Украіны, на спробу сцерці "рэшткі дзяржаўнасці Беларусі" і фальсіфікаваць яе гісторыю.
На акцыі памяці побач з літоўскімі, польскімі і ўкраінскімі луналі і беларускія бел-чырвона-белыя сцягі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.