Як улады выкарыстоўваюць СНС, каб ціснуць на беларусаў праз дзяцей
Дзяржава абавязана абараняць дзяцей, але парушае іх правы і кашмарыць сем'і / калаж Улада Рубанава
Пасля выбараў 2020 года ў Беларусі пагоршылася сітуацыя не толькі з правамі дарослых, але і з правамі дзяцей. Праз непаўналетніх улады ціснуць на апазіцыйна настроеных бацькоў. Ім пагражаюць СНС — прызнаць сям'ю сацыяльна небяспечнай — і забраць з яе дзяцей.
Каманда ініцыятыўнай групы "СПРАВКА" прааналізавала, як дзяржорганы прызнаюць сем'і неўладкаванымі.
"Неўладкаваную" сям'ю можна цалкам кантраляваць
Паводле беларускай Канстытуцыі, дзеці знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Ёсць і спецыяльная пастанова Савета Міністраў ад 15 студзеня 2019 года "Аб прызнанні дзяцей такімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы". Ідэя гэтага інстытута ў тым, каб дзецям, чые правы і інтарэсы ў сем'ях парушаюцца, з боку дзяржавы была аператыўна дадзена абарона.
СНС можа эфектыўна працаваць, калі бацькі збіваюць дзяцей, не сочаць за імі, не кормяць, не апранаюць. Але дзяржава выкарыстоўвае гэты інстытут для рэпрэсій у дачыненні да палітычных актывістаў. Ім пагражаюць паставіць іх цалкам нармальныя сем'і на ўлік як праблемныя.
Прадстаўнікі дзяржструктур могуць сістэматычна прыходзіць у дамы з "праверкамі". Яны заўсёды знойдуць да чаго прычапіцца. І тады ў ход ідуць пагрозы забраць дзяцей у бацькоў.
Але пагражаць пастаноўкай на ўлік — у прынцыпе незаконна
Часта бацькі не ведаюць сваіх правоў, а міліцыя і органы апекі іх не тлумачаць. Паставіць на ўлік па СНС або забраць дзяцей могуць з трох прычын, прапісаных у згаданай вышэй пастанове Саўміна. Першая — бацькі не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці. Другая — бацькі не сочаць за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з прычыны чаго дзіця здзяйсняе адміністрацыйныя правапарушэнні альбо злачынствы. Трэцяя — бацькі вядуць амаральны лад жыцця, жорстка абыходзяцца з дзіцем, злоўжываюць сваімі правамі, што цягне небяспеку для жыцця і здароўя дзіцяці.
— Гэты пералік закрыты, гэта азначае, што з іншых прычын паставіць на ўлік па СНС або адабраць дзіця нельга. Пагражаць жа пастаноўкай на ўлік і зусім незаконна, — адзначае праваабаронца Дар'я Чурко.
У 2021 годзе яна апытала прадстаўнікоў 24 сем'яў, якім пагражалі паставіць сям'ю на ўлік па СНС або адабраць дзіця. Пацярпелыя ад гэтых дзеянняў расказалі, што прэтэнзіі да іх узнікалі за "неналежны догляд дзяцей", "ліст з міліцыі", "пагрозу жыццю дзіцяці". Прычынай магло стаць нават дыстанцыйнае навучанне ў каранавірус. Але фактычна рэч у "палітычных" адміністрацыйных або крымінальных артыкулах бацькоў.
— Рэспандэнткі/ы адзначалі, што ў асноўным тэлефанавалі са школы і казалі, што "трэба праверыць сям'ю, бо прыйшоў ліст з міліцыі". Пры гэтым адкрытым тэкстам у школе казалі, што гэта звязана з палітычнай дзейнасцю бацькоў, — працягвае Чурко.
Як гэта адбываецца
Шасцігадовага сына мінскіх апазіцыйных актывістаў Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця проста са школы перадалі ў прытулак пасля таго, як мама не забрала яго з падоўжанкі. Яна не магла гэтага зрабіць, таму што незадоўга да таго міліцыя затрымала яе на выхадзе ля праваабарончага цэнтра "Вясна". Педагогі не сталі звязвацца з бабуляй і паўналетняй сястрой хлопчыка і выклікалі органы апекі.
Да прытулку, дзе трымалі сына Алены і Сяргея, прыйшлі сотні неабыякавых мінчукоў. У той дзень сына аддалі маме. Але пазней супраць яе пачалі крымінальную справу, і сям'ю ўсё ж разлучылі.
Крыху раней, у чэрвені 2020 года, у Гродне з дзіцячага садка прыйшлі з праверкай у дом Уладзіміра Навуміка, які за тры тыдні да таго быў затрыманы разам з Сяргеем Ціханоўскім. Па словах яго жонкі Віталіі Навумік, пасля агляду кватэры ёй зачыталі дакумент. Там было сказана, што ў кватэры беспарадак, бычкі і бутэлькі ад алкаголю.
— Я сказала, што ў нас у сям'і не кураць і не п'юць. А яны мне ў адказ: вы разумееце, што ў вас забяруць дзіця? Маўляў, будзем разбірацца, збіраць дакументы і характарыстыку з месцаў працы, — пераказвае Віталія.
Распараджэнні на правядзенне такіх палітычна матываваных "сацыяльных расследаванняў" у адных выпадках паступалі з міліцыі, у іншых — з райвыканкамаў, канстатуюць у "СПРАВКЕ".
"Дзеці баяцца хадзіць у школу"
Фактычна ў Беларусі органы апекі замест абароны правоў дзяцей дапамагаюць міліцыі збіраць звесткі пра палітычна актыўных людзей і падтрымліваюць рэпрэсіі. Былі выпадкі, калі праз палітычную пазіцыю бацькоў на дзяцей ціснулі ў школах.
— Распаўсюджанай формай ціску непасрэдна на дзяцей ёсць прамыя дыялогі з дзецьмі без згоды бацькоў, — піша Дар'я Чурко. — Вельмі часта маленькіх дзяцей забірае школьны псіхолаг пагаварыць. Бацькам не паведамляюць пра такія гутаркі, і прадметы гутаркі загадзя бацькам не гавораць. Рэспандэнткі/ы таксама заяўлялі, што дзяцей выклікалі на размову з участковым. Адна з жанчын адзначыла, што яе дзевяцігадовае дзіця міліцыя запалохвала тым, што яго забяруць з сям'і, ад мамы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.