У гродзенкі, чыйго мужа затрымалі з Ціханоўскім, пагражаюць забраць дзіця
17 чэрвеня дадому да гродзенкі Віталіі Навумік прыйшлі прадстаўнікі дзіцячага садка — праверыць умовы пражывання. Жанчыне намякнулі, што могуць забраць дзіця з-за затрымання мужа, піша hrodna.life.
Уладзіміра Навуміка затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Гродне разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Як і іншых удзельнікаў "справы Ціханоўскага", яго вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Па словах жонкі, гродзенца мужа затрымалі выпадкова, калі ён праходзіў побач і зацікавіўся падзеямі на плошчы.
На праверку ад дзіцячага садка №96 да яе прыходзілі загадчыца, выхавальнік і псіхолаг. "Праверылі дзіцячы пакой, шафы і халадзільнік. Потым мы выйшлі ў калідор, бо ў мяне дома ў ваннай рамонт, і яны спыталі ў мяне: чаму мой муж пайшоў на пікет, магчыма, ён грошай хацеў там зарабіць, чаму я давала інтэрв'ю Hrodna.life і ці давала я яго наогул. Таксама спыталі пра бацькоў мужа", — распавядае жанчына.
Пасля гэтага Віталіі зачыталі дакумент, дзе было напісана, што падчас ператрусу пасля затрымання мужа ў кватэры быў беспарадак, валяліся бычкі і бутэлькі з-пад спіртнога. Таксама там нібыта гаварылася, што яна паліла пры дзіцяці.
"Я сказала, што ў нас у сям'і не паляць і не п’юць. А яны мне ў адказ: вы разумееце, што ў вас забяруць дзіця? Маўляў, будзем разбірацца, збіраць дакументы і характарыстыку з месцаў працы", — пераказвае гродзенка размову з адміністрацыяй садка.
Віталія Навумік лічыць, што на яе аказваюць ціск у сувязі з затрыманнем мужа.
Загадчыца дзіцячага садка №96 Святлана Янчанюк заявіла журналістам, што ніякага ціску на Навумік не было. "Мы прыехалі паглядзець умовы пражывання і ўтрымання дзіцяці ў рамках дэкрэта прэзідэнта №18 ад 24 лістапада 2006 г. ("Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях". — Рэд.). Усё робіцца паводле дакументаў. Дзіця ў іх актыўнае, дзяўчынка вясёлая ў садзе, заўсёды ахайная. Ніякіх фактараў, што спрыяюць адабранню дзіцяці, у іх у сям'і няма", — запэўніла загадчыца.
Сяргея Ціханоўскага і яшчэ некалькіх чалавек затрымалі 29 траўня на выбарчым пікеце ў Гродне пасля правакацыі. На яго і яшчэ як мінімум 9 затрыманых пачалі крымінальную справу за падрыхтоўку і арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Затрыманыя знаходзяцца ў Мінску ў СІЗА №1.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.