"Мая дачка пры адным узгадванні імя таты пачынае плакаць" — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская з беларусамі ў Швецыі
21 траўня Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі і беларускамі Швецыі. Перад удзелам у акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі яна выступіла з эмацыйнай прамовай, падзялілася тым, як перажывае асабісты боль, а таксама заклікала надалей працаваць для вызвалення палітвязняў.
"Мая дачка пры адным узгадванні імя таты пачынае плакаць, — цытуе словы Ціханоўскай яе прэс-служба. — Мне баліць ад думкі, што праз нейкі час яна можа забыць яго голас ці як ён выглядае. Таму спецыяльна на сценках у яе пакоі я павесіла фотаздымкі Сяргея".
Сяргей Ціханоўскі за кратамі з 29 траўня 2020 года. У снежні 2021-га ён быў асуджаны закрытым судом на 18 гадоў пазбаўлення волі. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і прызначылі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі.
"Я не ведаю дакладна, што адчуваюць тыя, хто за кратамі, але мне здаецца, што ў ізаляцыі самы вялікі страх — гэта страх быць забытым, — гаварыла Святлана Ціханоўская. — І менавіта рэжым на гэта разлічвае. Бо калі ты адчуваеш падтрымку і салідарнасць — гэта дае сілы змагацца. Ты ведаеш, што твае пакуты недарэмныя, што справа, для якой ты ахвяраваў свабодай, — жыве".
21 траўня адзначаўся Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У розных краінах свету прайшлі акцыі салідарнасці. У РБ налічваецца амаль 1400 палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.