Больш за год Святлана Ціханоўская не атрымлівала навін пра Сяргея Ціханоўскага

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Пра Сяргея Ціханоўскага няма навінаў больш за год, прызналася ягоная жонка Святлана Ціханоўская ў чацвёртую гадавіну затрымання мужа. Вядомага блогера, які хацеў балатавацца ў прэзідэнты, затрымалі 29 мая 2020 года ў Гродне, куды ён з камандай прыехаў збіраць подпісы за вылучэнне ў прэзідэнты Святланы.

"Адно з пытанняў, якое мне часта задаюць: як пажывае ваш муж? Я б хацела даць адказ, але не магу. Больш за год я не атрымлівала пра яго ніякіх вестак. Сёння споўнілася чатыры гады з дня яго арышту ў Гродне. У глыбіні душы я ведаю, што ён хоча, каб я працягнула нашу барацьбу", напісала Ціханоўская ў сетцы Х.

Ціханоўскі планаваў сам змагацца за прэзідэнцкую пасаду. Аднак ЦВК адмовіўся зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу - на момант падачы заявы ён знаходзіўся ў ІЧУ, адбываў адміністрацыйны арышт і не мог паставіць подпіс пад заявай. У выніку кандыдатам стала яго жонка Святлана Ціханоўская. Ціханоўскага абвінавацілі сярод іншага ў арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзілі 18 гадоў пазбаўлення волі. Пазней яго яшчэ раз судзілі па справе аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і дадалі яшчэ 1,5 года зняволення.

Да гадавіны затрымання Сяргея Ціханоўскага быў апублікаваны відэаролік, дзе ягоная жонка кажа, што "усе родныя, сябры і паплечнікі Сяргея вераць у ягоныя словы і працягваюць справу, якой ён жыў". Яна і іншыя вядомыя беларусы агучылі найбольш яркія выказванні Сяргея Ціханоўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі