Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Гісторыя інвалідаў Ганны і Анатоля Бахураў з Івацэвічаў у 2015 годзе не пакінула абыякавым многіх: у іх нарадзіўся здаровы хлопчык, але мясцовыя дактары і органы апекі цягам месяца не аддавалі дзіця бацькам. Чыноўнікі пужалі жанчыну, што яна і яе муж не дадуць рады з хлопчыкам, што яны не здолеюць стаць паўнавартаснымі бацькамі. Але візіт у радзільню Марыяны Шчоткінай, якая на той момант была міністрам працы і сацыяльный абароны, і рэзананс у СМІ зрабілі сваю справу: Ганна з маленькім Косцем паехалі дадому.

“Каб не грамадства, тут бы Косці не было. Мы ўпэўненыя, — узгадвае Анатоль падзеі жніўня 2015-га. — Няхай і за, і супраць былі людзі, але ўсім дзякуй. Усё ж у асноўным былі станоўчыя водгукі. Хаця некаторыя пісалі, што, маўляў, навошта ім дзеці, што яны дадуць ім. Я ўсё чытаў. Не было крыўдна. Лічу, што перад тым, як пісаць, трэба ўсё ж бачыць чалавека”.

Ганна дадае: “Ды і Марыяна Шчоткіна нам паверыла. Ёй пра нас розныя “страхі” панараспавядалі. А тут, жанчына як жанчына, бацька як бацька… У радзільні я не спала па начах, бо баялася прачнуцца, а дзіця забралі. Не верыла нават, што нас адпускаюць дадому, калі сказалі збірацца. Спяшалася, каб не перадумалі. Два тыдні пасля шарахалася ад любога шуму”.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця
Сацыяльны работнік Тамара, якая дапамагае Бахурам у гаспадарцы

“Пальцаў на руках-нагах няма, ну і што? Я вельмі моцная фізічна!”

На парозе двухпакаёўкі Бахураў у Івацэвічах нас сустракае ўся сям’я разам з сацыяльным работнікам Тамарай. Тамара прыходзіць штодня раніцай, пры неабходнасці набывае прадукты, аплачвае камуналку, гуляе з дзіцем, дапамагае Ганне з хатнімі справамі. Вось акурат нясе развешваць бялізну:

“Але Аня сама разумніца. Сёння я прыйшла, а яна ўжо папыласосіла”, — кажа спадарыня Тамара.

Ганна тлумачыць, што пыласосіць некалькі разоў на дзень, каб дзіця, крый божа, чаго непатрэбнага не цягнула ў рот ды не было глістоў. Косця спачатку саромеецца гасцей, а потым смялее і пачынае пазіраваць на камеру. Хлопчыку год і восем. У яго поўны рот зубоў, і ён важыць 16 кілаграмаў.

“Насіць на руках яго мне зусім не цяжка. Я нават магу яго падкідваць — яму вельмі падабаецца, — Ганна, якая нарадзілася з атрафіяй канечнасцяў, сапраўды лёгка падкідвае малога. Той заліваецца смехам. — Я сябе лічу не інвалідам, а фізічна здаровым чалавекам. Пальцаў на руках-нагах няма, ну і што? Я вельмі моцная фізічна! Я магу працаваць, як пчолка. Я нават вопыты праводзіла, колькі магу вытрымаць. Я з маленства працавала: і каровы даіла, і свіней падсцілала…”

Ганна з крыўдай узгадвае, як дактары настойвалі на аборце:

“У п'яніц не забіраюць дзяцей, дазваляюць ім нараджаць. Чаму не ўмешваюцца ў іх цяжарнасць? Чым я горшая за алкашку ці жанчыну, якая "не сябруе з галавой"? Я ведаю такія гісторыі, я ім паражалася: яны могуць некалькі нараджаць, а мне аднаго ледзьве далі. Вочы закрытыя на такіх. Тыя дагледзяць, а інваліды не дагледзяць... Калі вы не жывяце з намі, не бачыце нас, няма чаго казаць такія рэчы. Дзякуйце богу, што ў вас ёсць рукі ногі. Але я не горшая за вас: гэтак жа гатую, гэтак жа прыбіраю, гэтак жа вокны магу памыць, адзінае, што фіранкі не змагу на кручкі начапіць. Але цяпер такія карнізы робяць, што я лёгка і з гэтым спраўляюся. Калі не было пральных машын, я рукамі вопратку прала. Я і бульбу чышчу, перцы на агародзе вырошчваю, вёдры 30-літровыя нашу іх паліваць, і закаткі на зіму раблю гэтак жа, як і іншыя жанчыны”.

“Яны нават калі хварэюць, у душы радасныя. Мы не можам нечага чалавеку дараваць — сварымся”

Ад самой Ганны маці адмовілася ў радзільні. Жанчына ведае толькі, што яе бацька паляк, і што яе “нагулялі”. Замяніла маці Ганне нянька ў дзіцячым доме-інтэрнаце ў Шчучынскім раёне.

“У нас нянькі і выхавацелькі на вакацыях бралі выхаванцаў да сябе дадому на некалькі дзён. Я запомніла, як вараць пельмені, бачыла, як жывуць розныя сем'і — алкаголікі, добрыя сем'і, сярэднія сем'і. І я вырашыла, што калі ў мяне будзе сям'я, яна будзе не такой, як у іншых. Я была гатовая да сямейнага жыцця”.

За сваё жыццё Аня змяніла пяць інтэрнатаў: у 18 гадоў сіроты мусілі пакінуць дзіцячую ўстанову, іх перанакіравалі ў дом састарэлых у Дамачава, што ў Брэсцкім раёне. “Некаму ж трэба было працаваць на полі”, — тлумачыць Ганна. Жанчына ўспамінае, што маладым дзяўчатам вопратку выдавалі тую ж, што і пажылым: панталоны, халат і хустка. Аня вельмі разлічвала, што на полі можна будзе зарабіць сабе на новую вопратку, а пакуль штодня даводзілася праць казённую вопратку рукамі:

“Я прала, добра выкручвала рэч, клала на матрац, наверх сцяліла прасціну, і так спала. А на раніцу — усё сухое і чыстае”.

У тым жа інтэрнаце жылі старыя зэкі, які сталі заляцацца да дзяўчыны. Ганна спужалася і ўцякла. Тры месяцы паездзіла па Беларусі, калі вярнулася, яе пакаралі адпраўкай у псіханеўралагічны інтэрнат у Косава. Але там Ані спадабалася:

“Дырэктар быў цудоўны. Ён адразу добра да мяне паставіўся і сказаў: “Пажыві год, а там паглядзім, калі зразумею, што ты гатовая да жыцця, паляціш, як птушка”. Я ж, каб не было сумна, займала ўсіх гульнямі, хадзіла па ягады, у вёску суседнюю адпускалі. Кожны дзень знаходзіла занятак. А праз год дырэктар мяне адпусціў, як і абяцаў”.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця
Аніны карціны. Кажа, што цяпер рэдка малюе, бо няма часу. Хаця, вельмі хочацца.

Адной з найбольш значных падзей у Аніным інтэрнацкім жыцці стала сустрэча з датчанамі. Дзяўчына добра малявала. І калі ў 1994 годзе замежнікі прывезлі ў інтэрнат гуманітарную дапамогу, Аню з імі пазнаёмілі. Тыя сталі набываць карціны дзяўчыны, а ў 1997 годзе Ганна ўпершыню паехала за мяжу.

“Спадабалася. Адрозніваецца наша жыццё ад іхняга. Яны нават калі хварэюць, у душы радасныя. Мы не можам нечага чалавеку дараваць — сварымся, нават забіваем. А яны не. Вось абакралі іх, а яны даруюць. Мы ж да пасінення даказваем сваё. А яны ― не”.

У пэўны час шляхі Ані і датчан разышліся. Але праз дзесяць гадоў яны сустрэліся зноў ужо ў іншым доме інтэрнаце. Цяпер датчане дапамагаюць Бахурам вопраткай і фінансамі: штомесяц дасылаюць “на Косцю” сто еўра, якія вельмі дарэчныя для сям’і. Бо пенсіі ў Ганны і Анатоля — па 260 рублёў на кожнага, 245 рублёў Ганна атрымлівае “дэкрэтных”.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

"Я задавальненнем адмоўлюся ад гэтай пенсіі і буду працаваць. Але ж працы і для здаровых няма!"

Пакуль мы размаўляем, Косця бегае па хаце, скручвае дыванок на падлозе, потым вядзе Ганну на кухню, залазіць на стол, адкрывае шафку і інтэлігентна дастае адтуль адзін пернік. Праз паўгадзіны наступае час абедаць. Хлопчык сядае ў вялікае крэсла ў пакоі, і Ганна корміць яго з лыжкі наварыстым супам з ялавічынай.

За часы “інтэрнатаў” Ганна кім толькі не працавала: і гардэробшчыцай, і прыбіральшчыцай, і керамістам, і даяркай, і ў парніках, аднак на пастаяннае месца працы яе ніхто не браў. У пэўны час у інтэрнаце сказалі, што яна не мае права жыць за казённы кошт і працаваць, і прыказалі шукаць прапіску. Але жыллё Ганне, сіраце і інваліду, так ніхто і не даў.

"У астатнім я Богу дзякую: я магла быць ляжачай, недаразвітай, не бачыла б белага свету. Дзіцячаму дому-інтэрнату я ўдзячная, бо я зразумела, што такое казённае і хатняе, што такое праца. Адукацыі ў мяне няма, не бралі нікуды вучыцца — я ж інвалід першай групы! Але толку з той адукацыі, калі б нават і была! Нідзе не было справядлівасці, локшыну на вушы вешалі, — махае рукой Аня. — Заўсёды казалі, маўляў, дзякуй, што хоць пенсію атрымліваеш. Але я з задавальненнем адмоўлюся ад гэтай пенсіі і буду працаваць. Тады кажуць іншае: з першай групай працаваць нельга. Добра, а дзе ж вы былі раней, калі я працавала, чаму не забаранялі? Хаця я б пайшла працаваць, бо дзіця расце”.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Да размовы далучаецца Анатоль. Відаць, што адсутнасць працы — “балючая” тэма ў людзей з інваліднасцю:

“Здаровым няма дзе працаваць! Робяць для інвалідаў адаптацыю, маўляў, атрымаеш грошы і адукацыю, нават корачку выдаюць. Але каму патрэбная гэтая корачка! Дайце з гэтай корачкі, каб чалавек стаж зарабіў сабе. Адаптацыі гэтыя для галачкі, што навучылі інваліда. Усё!”

Цяпер Анатоль таксама штотыдзень ездзіць у Брэст у цэнтр працоўнай адаптацыі “КерамАРТ”. За гэта яму плацяць 240 рублёў у месяц. Ён займаецца кубкамі, пераводзіць на іх малюнкі Ганны:

“Гэта называецца сублімацыйным нанясеннем карціны на кубак. Потым гэты кубак трэба прадаць. Наш сябра, хросны Косці, Васіль Барысаў, прыдумаў праект, каб нам дапамагчы. Сабралі грошы, набылі абсталяванне. Але рэалізацыі гэтых кубкаў няма. Мы пісалі ў “Карону”, каб там можна было іх прадаваць — пакуль маўчаць. Пару чалавек набылі, і ўсё. Ва ўсіх і так ёсць кубкі, нікому гэта не патрэбна. Хацелася б адкрыць сваю справу, каб грошы зарабляць”. 

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

“Добра, што ў інтэрнатах людзі дагледжаныя, не бамжуюць. Але на волі я сам сабе гаспадар”

Анатоль, у адрозненне ад Ганны, “хатні” інвалід. Ён выхоўваўся ў сям’і, да яго на дом прыходзілі настаўнікі (у яго ДЦП). У часы развалу СССР ён прадаваў на рынку жвачкі ды шакаладкі. У пэўны час бацькі мужчыны развяліся, маці зноў выйшла замуж а потым памерла. Толіку прапанавала паехаць жыць у інтэрнат, маўляў, там будзе весялей.

“Не спадабалася мне інтэрнатаўскае жыццё. Там вельмі сумна. У бібліятэцы пачытаць няма чаго. Добра, што людзі дагледжаныя, не бамжуюць. Але на волі я сам сабе гаспадар. А там усе дні на адзін падобныя: сталовая, тэлевізар. Таму вырашыў знайсці сабе пасію, каб была сям'я. Памяняў бацькоўскі дом на вось гэтую кватэру… Інваліды ў асноўным любяць памаўчаць, сядзяць у чатырох сценах, атрымліваюць пенсію і нічога ім не трэба. Добра было б, калі б падобныя да “Керамарта” фірмы былі ў кожным горадзе. Бо наш тэрытарыяльны цэнтр не зацікаўлены каб інваліды былі занятыя”.

Аднойчы да Ганны звярнуліся знаёмыя, маўляў, ёсць харошы хлопец, шукае жонку. Праз паўтары гады пара пажанілася, зрабіла рамонт у кватэры.

“Да нараджэння Косці сядзелі дома, елі, спалі, кам’ютар, так дзень і праходзіў. Агарод ля дома летам. А цяпер мы шчаслівыя. Шмат справаў. Аж не верыцца, што Косці 21 ліпеня два гады”, — кажуць Бахуры.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Дактары баяцца, што на іх адказнасць вісіць, на няньках вісіць. Але я буду рабіць па-свойму

Тым часам Косця капрызнічае, і Ганна кліча яго спаць. Жанчына дагэтуль корміць хлопчыка грудзямі, але толькі ўначы. Цяпер жа кліча яго ў ложачак, супакойвае, і роўна ў 13.00 Косця спіць.

“Я прытрымліваюся рэжыму”, — Ганна зачыняе дзверы ў пакоі. Бачна, што ў сям’і кіруе менавіта яна. Жанчына можа гадзінамі распавядаць пра сына: што любіць есці, як развіваецца, на што рэагуе, у што гуляе, дзе для яго набываюць прадукты. Цяпер, прызнаецца Аня, з Косцем стала зусім проста. Хаця, спачатку самым складаным было купанне: у гэтым вельмі дапамагала нянька.

“Спачатку ніхто ніякіх парадаў не даваў. Калі б не інтэрнэт, шмат чаго не ведала. Калі Косцік вырас, даюць парады. Але яны цяпер не асабліва патрэбныя. Аднойчы Косця захварэў, выклікала хуткую. Прыехала доктар, не паслухала, нічога, маўляў, едзем у бальніцу. Я сказала, што не паеду. Яна сказала, пішы тлумачальную, бо заканадаўча трэба ехаць. Я напісала, але папрасіла назначыць лячэнне. У выніку праз тры дні ўсё як рукой зняло. Яны баяцца, што на іх адказнасць вісіць, на няньках вісіць. Але я буду рабіць па-свойму. Мяне давілі, а цяпер я стаўлю ўсіх на месца. Так, я змянілася, стала больш злой, але ў гэтым вінаватыя тыя, хто адбіраў у мяне дзіця, — Аня зноў вяртаецца да падзей амаль двухгадовай даўніны. — Таўклі, калолі, органы апекі, дактары, маўляў, мы прайграем, мы не справімся, але па-чалавечы ніхто не паставіўся. Хаця б падтрымалі адразу, няхай бы прапанавалі паспрабаваць. Шукай апекуна! Я не для апекуна нараджала, я для сябе нараджала”.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Я буду сябрам Косці. Няхай любыя пытанні задае! Нават пра секс распавяду, калі запытае

У тое, што аднойчы Косця вырасце і пачне саромецца сваіх бацькоў, Ганна і Анатоль не вераць. Кажуць, што гэта будзе залежыць перш за ўсё ад іх:

“Я буду з ім размаўляць. Як са мной у інтэрнаце нянька, якая замяняла мне маці, размаўляла, так і я буду з ім размаўляць, — здаецца, Ганна мае адказы на ўсе пытанні. — Буду тлумачыць, што не ўсе бацькі аднолькавыя, што людзі розныя, што не трэба быць падобным да іншых. Я з дзяцінства не хацела апранаць тое, што было на ўсіх. Я на сто адсоткаў упэўненая, што яму не будзе за што саромецца. Я хачу быць яму і маці, і сябрам. Тады ён не будзе нічога хаваць ад мяне. Я раней не заўважала, але многія дзеці растуць самі па сабе, бацькі імі не цікавяцца. Бацькі крычаць: “Мой балбес”. Гэта ж парушае псіхіку дзіцяці! Я буду сябрам. Няхай любыя пытанні задае! Нават пра секс распавяду, калі запытае”.

Ганна кажа, што ўжо размаўляе з Косцем, як з дарослым. Калі малы робіць шкоду — ціхенька яго лае. Але, кажа, хлопчык паслухмяны. У садок Ганна аддасць Косцю толькі ў выпадку, калі сама ўладкуецца на працу. А так, збіраецца вадзіць на падрыхтоўку да школы ў мясцовы ДК.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця
Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Косця будзе спаць яшчэ гадзіну, а мы развітваемся з Ганнай і Анатолем. Дапамагчы сям’і Бахураў можна, набыўшы кубкі з манюнкамі Ганны. Кошт кубка — 6 рублёў. Пішыце на адрас: [email protected] альбо шукайце інфармацыю тут.

Як жыве сям’я інвалідаў з Івацэвічаў, у якой хацелі адабраць навароджанае дзіця

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі