У Барысаве школьнікаў, якія здзейснілі вандалізм, прымусілі саджаць дрэвы
Дрэвы саджалі разам з бацькамі
У Барысаве школьнікаў, якія здзейснілі вандалізм, прымусілі саджаць дрэвы. Рабілі яны гэта разам з бацькамі, піша edinstvo.by.
У траўні два хлопцы пашкодзілі ці зламалі 10 маладых каштанаў. Іх знайшлі з дапамогай камер відэаназірання. Паводле слоў хуліганаў, яны гулялі з дзяўчынкамі і хацелі зрабіць на іх уражанне, таму і ламалі дрэвы.
Крымінальную справу не распачалі, паколькі школьнікі не дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Пратаколы склалі на бацькоў за "невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей". Інцыдэнт разглядаўся на камісіі па справах непаўналетніх. Адзначаецца, што згаданыя сем'і не былі на адпаведных уліках. Выданне піша, што здарэнне атрымалася рэзананснае, пра яго рэгулярна згадваў падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі старшыня райвыканкама Мікалай Карповіч. Ён заклікаў бацькоў займацца выхаваннем дзяцей.
Восенню было прынята рашэнне прыцягнуць хлопцаў да пасадкі дрэў у месцы, дзе яны былі зламаныя і пашкоджаныя. Школьнікі з бацькамі паўдзельнічалі ў акцыі, высадзіўшы 10 дрэў наўзамен зламаных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.