Дзяржздрада — бо талыш: навукоўца з Беларусі будуць судзіць у Азербайджане

Ігбал Абілаў у кайданках

Ігбал Абілаў у кайданках / Ульвія Алі

У Азербайджане, якім з 2003 года кіруе сябар Лукашэнкі Ільхам Аліеў, стала модным вінаваціць апанентаў улады ў дзяржаўнай здрадзе. За апошнія паўгода па гэтым артыкуле затрыманыя палітолаг Бахруз Самедаў і даследчык Ігбал Абілаў. Абодва не пражывалі ў Азербайджане, расказвае выданне MEYDAN.TV.

Ігбал Абілаў з васьмі гадоў жыў у Мінску. Яго сям'я паходзіць з талышоў — гэта іранскі народ Талыша — рэгіёну ўздоўж паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, падзеленага паміж сучаснымі Азербайджанам і Іранам. Ігбал з дзяцінства ведаў, што ён — талыш. Вывучаў мову і культуру свайго народа.

У Мінску Ігбал скончыў факультэт "Міжнародныя адносіны" БДУ. Потым — магістратуру і аспірантуру, спецыялізуючыся на адносінах Турцыі з краінамі Паўднёвага Каўказа. Выкладаў у БДУ і Беларускім Інстытуце Правазнаўства.

У 2010 годзе ў Рызе група навукоўцаў зарэгістравала Талышскую нацыянальную акадэмію. Сярод іх быў і Ігбал. У Акадэміі займаліся даследаваннем талышскай мовы з сацыяльна-эканамічнага, гістарычнага, этнаграфічнага, археалагічнага, літаратурнага і лінгвістычнага пунктаў гледжання. Таксама Ігбал займаўся выпускам "Весніка Талышскай Нацыянальнай акадэміі" — міжнароднага навуковага часопіса, прысвечанага вывучэнню Талыша.

Перапіска з гісторыкам

 

У чэрвені гэтага года Ігбал Абілаў паляцеў у Азербайджан да сям'і — на вяселле стрыечнага брата. Вярнуцца ў Беларусь ён не змог, бо быў затрыманы мясцовай службай дзяржбяспекі. Вучонага абвінавачваюць не толькі ў дзяржздрадзе. Яму ставяць у віну і публічныя заклікі да антыдзяржаўнай дзейнасці па ўказанні замежных арганізацый, і ўзбуджэнне нацыянальнай, расавай, сацыяльнай ці рэлігійнай нянавісці і варожасці. Таксама Ігбал абвінавачваецца ў супрацоўніцтве са спецслужбамі Арменіі і ўзгодненай з імі спробе распальвання нянавісці на нацыянальнай глебе ў Азербайджане.

Адвакат Фарыз Намазлы кажа, што згодна з заканадаўствам Азербайджана падрабязнасці справы Ігбала ўлады трымаюць у таямніцы:

"Аднак, калі Ігбал Абілаў быў арыштаваны, некаторыя праўладныя СМІ апублікавалі кароткі спіс прад'яўленых яму абвінавачванняў. Верагодна, сам жа следчы орган свядома перадаў ім гэтую інфармацыю.

Дык вось гэтыя СМІ сцвярджалі, што нібыта Ігбал Абілаў заключыў здзелку з супрацоўнікамі спецслужбаў Арменіі і да таго падобнае. Пры гэтым яны згадваюць імя выкладчыка Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якога прадстаўляюць як супрацоўніка спецслужбаў. Але гэта навуковец, універсітэцкі выкладчык, і Ігбал таксама навуковец, гісторык. Ён праводзіць даследаванні ў галіне этнаграфіі. І тое, што ў яго была нейкая перапіска з гэтым чалавекам, не азначае, што Ігбал Абілаў здзейсніў дзяржаўную здраду.

Але, зноў жа, следства пакуль не прад'явіла нам якія-небудзь матэрыялы, таму мы не можам нічога сказаць пра тое, якія доказы ў іх маюцца".

Доматалышская, у школеазербайджанская

 

Бацька Ігбала Абілава Шахін Абілаў не згодны з артыкуламі, па якіх абвінавачваецца яго сын, і лічыць, што той невінаваты.

"У нашым рэгіёне мы ад нараджэння двухмоўныя. Дома — талышская мова, у школе і па тэлевізары — азербайджанская, так і вырастаем двухмоўнымі. Ігбал таксама з дзяцінства валодаў абедзвюма гэтымі мовамі. Потым, калі сталеў і атрымліваў адукацыю, вучыў новыя. Цяпер ён ведае сем моў".

Тата Ігбала падкрэслівае, што сын ніколі не займаўся палітыкай. Яго цікавіла навука і гісторыя. Ён займаўся не палітычнымі, а этнаграфічнымі даследаваннямі. Вывучаў Усход, Азію і Каўказ.

"Натуральна, будучы талышам, ён таксама даследаваў талышскую нацыянальную ідэнтычнасць. Пісаў пра тое, які лад жыцця, звычаі, традыцыі былі ў гэтым арэале ў 18-м, 19-м, пачатку 20-га стагоддзяў. У прэсе публікаваліся некаторыя яго працы. Ён вельмі любіць даследаваць традыцыі. Апошняй з апублікаваных ім кніг быў пераклад на турэцкую мову працы "Турэцкія народныя песні" расійскага вучонага Барыса Мілера, выдадзены Культурным цэнтрам ім. Атацюрка ў Анкары.

Сем'і, якія жывуць за мяжой, часта сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі і выклікамі ў выхаванні дзяцей. Таму што невядома, ці будуць дзеці ведаць нашыя традыцыі. Гэтая думка пужае, і мы заўсёды хацелі, каб дзеці вывучалі нашыя традыцыі: гэта значыць азербайджанскія традыцыі ў цэлым, не толькі талышскія. Не хацелі гадаваць сваіх дзяцей для чужога народа. Заўсёды ўлічвалі гэта".

Усеагульны ўлюбенец

 

Па словах Шахіна Абілава, сям'я знаходзіцца ў шоку ад таго, што адбываецца з моманту першага допыту сына, які доўжыўся шэсць гадзін у Масалінскім аддзеле СГБ і пасля якога яго адпусцілі.

"Калі ён, нарэшце, адтуль выйшаў, супрацоўнік дзяржбяспекі сказаў нам: "Раз ён навуковец, хай сваёй навукай і займаецца, няхай ажэніцца і ні ў што іншае не ўвязваецца". Усё роўна Ігбал павінен быў праз 3-4 дня з'язджаць. І пра гэта ён ім таксама паведаміў. На тым мы і разышліся. Але перад вылетам яго развярнулі ў аэрапорце. Мы чакалі, што будзе далей. Ну, і здарылася тое, што здарылася. Уся наша радня была ў шоку ад самага першага дня. Таму што яны ведаюць Ігбала. Ігбал усеагульны ўлюбенец. Яго замежныя сябры таксама былі ў шоку... Людзі цвёрда вераць, што Ігбал невінаваты. Бабулі моляцца за яго, усе моляцца, каб ён хутчэй выйшаў на волю. Усе лічаць, што гэтая справа, гэтыя [крымінальныя] артыкулы не маюць да Ігбала ніякага дачынення".

Актывісты з розных краін стварылі міжнародную ініцыятыўную групу па абароне правоў Ігбала Абілава. Яны лічаць, што пры арышце вучонага былі дапушчаныя грубыя парушэнні яго правоў, а абвінавачванні ў здзяйсненні вельмі сур'ёзных злачынстваў з'яўляецца сфабрыкаваным.

Ігбал Абілаў не прызнае сябе вінаватым ні ў адным з інкрымінаваных яму злачынстваў.

"Дзяржздрада  — гэта артыкул, які прадугледжвае прадастаўленне варожай дзяржаве якой-небудзь сакрэтнай інфармацыі. Гэта значыць інфармацыі, якая складае дзяржаўную тайну. А Ігбал Абілаў не валодае ніякай такой інфармацыяй, ніякімі дзяржаўнымі сакрэтамі, каб перадаваць іх камусьці. Ён проста навуковец і займаецца навуковай дзейнасцю", — кажа адвакат Фарыз Намазлы.

Адвакат Халід Багіраў, які прадстаўляе інтарэсы Бахруза Самедава, кажа, што тэндэнцыя палітычных пераследаў і рэпрэсій у Азербайджане стала пагаршацца з 2013 года. Паводле яго слоў, калі раней палітвязняў прыгаворвалі, максімум, да 3 гадоў турмы, то цяпер ім можа пагражаць да 20 гадоў, а за дзяржздраду — наогул пажыццёвае.

"Напрыклад, Ігбал Абілаў — талышскі актывіст. У чым можна абвінаваціць талышскага актывіста? Тут ёсць два артыкулы на выбар: распальванне этнічнай варожасці альбо тая ж дзяржздрада. Таму што калі ты належыш да этнічнай меншасці, значыць, вялікая верагоднасць, што здрадзіш дзяржаве. Пра склад злачынства там гаворкі не ідзе. Што такое рэпрэсіі? Рэпрэсіі — гэта арышты па сфабрыкаваных абвінавачваннях. І фабрыкуючы іх, улады імкнуцца неяк "падагнаць" іх пад абвінавачанага".

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі