Ян Цігараў: У мяне з заробкам было як у Адамавіча. Але я пагадзіўся, я ж тутэйшы
Вядомы футбаліст — пра тое, чаму беларусам нельга плакаць, як Раналду, адкуль у нас дагаворныя матчы і чаму гулец павінен зарабляць шмат.
Калі б футбалістам у беларускім чэмпіянаце плацілі больш, яны б не займаліся дагаворнымі матчамі. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў вядомы беларускі футбаліст, экс-гулец зборнай Ян Цігараў. Кіраўнік праекта Tribuna.com Максім Беразінскі заўважыў, што дагаворныя матчы з’явіліся ў той момант, калі ў футболе сталі нізкія заробкі, “якія да таго ж і не плацяць”.
Пра тое, чаму беларускім футбалістам нельга плакаць, як Крышціяну Раналду, колькі павінен зарабляць гулец нашага чэмпіянату, чым футбол нагадвае завод і чаму ў галоўнага суддзі краіны трэба было пытацца не пра якасць судзейства, а пра тое, на што ставіць на таталізатарах — у размове рэдактара Еўрарадыё Віталя Зыблюка, кіраўніка праекта Tribuna.com Максіма Беразінскага і футбаліста Яна Цігарава.
Слухаць размову цалкам:
Асноўныя цытаты:
Максім Беразінскі: Фінал Еўра атрымаўся вельмі сумным: акрамя Раналду, бясконцых слёз і матылька мы больш нічога не ўбачылі. Зашмат слёз для аднаго фіналу.
Максім Беразінскі: Ужо незразумела, гэта Раналду для футбола, або футбол быў створаны для Раналду, каб ён мог выходзіць і плакаць.
Ян Цігараў: Рэчы, якія дазваляе сабе Раналду, павінны суправаджацца майстэрствам. У беларускім футболе гэта будзе выглядаць як мінімум дурнавата.
Ян Цігараў: Усе чамусьці глядзяць на заробкі футбалістаў па факце, калі ён гуляе, калі ў яго падпісаны кантракт і добры заробак. Але ўсе забываюцца, што, каб атрымаць добры кантракт, чалавек шмат гадоў працуе задарма. Ёсць перыяд, калі ты нічога не атрымліваеш, пасля выходзіш на пэўны ўзровень і пачынаеш атрымліваць добры заробак. А колькі людзей спынілася на той стадыі, калі яны гулялі бясплатна? Гэта не тая праца, на якой ты працуеш да 60 гадоў, а пасля атрымліваеш пенсію. Гэта праца, якая заканчваецца ў 30, а пасля ўсё пачынаецца з нуля.
Ян Цігараў: Калі я падпісваў апошні кантракт з мінскім “Дынама”, прыйшоў да Саныча (Юрый Чыж, — заўв. Еўрарадыё) і мы з ім пару хвілін размаўлялі пра мае асабістыя ўмовы. Ён назваў адну суму, я кажу, што, можа, крыху больш. І ён мне адкрыта кажа: “Ян, глядзі, калі б яшчэ пару гадоў таму, то не было б пытанняў. Цяпер я за такія грошы збяру 5-7 лепшых футбалістаў з кожнай каманды чэмпіянату Беларусі. Фінансавая сітуацыя ў клубах такая, што мне дастаткова плаціць 10% ад заробку, які б ты мог атрымліваць яшчэ пару гадоў таму”.
Ян Цігараў: Заробак футбаліста павінен суадносіцца з узроўнем чэмпіянату і залежаць ад мэтаў кіраўніцтва клуба.
Ян Цігараў: У футбаліста ўсё адно павінен быць мінімум па заробку, у тысячу ці дзве тысячы долараў. Не можа быць заробак у футбаліста, як у звычайнага менеджара.
Ян Цігараў: Я цудоўна разумею пазіцыю Адамавіча, калі ён не хоча зніжаць сабе заробак (з 12 тысяч долараў да 7, — заўв. Еўрарадыё). Ён легіянер. У мяне была дакладна такая ж сітуацыя, як з Адамавічам. І я пагадзіўся на зніжэнне. Таму што я тутэйшы, я выхаванец “Дынама”, у мяне ёсць уласнае стаўленне да клуба і я ведаю цяперашнюю сітуацыю.
Максім Беразінскі: Дагаворныя матчы з’явіліся ў той момант, калі ў футболе сталі нізкія заробкі, якія да таго ж і не плацяць.
Ян Цігараў: Калі б футбалістам плацілі больш, яны б не займаліся дагаворнымі матчамі. Уявіце сітуацыю: у чалавека быў нейкі заробак, потым крызіс, але ж сем'і і дзеці засталіся, якіх трэба карміць. Вось людзі і гуляюць у такія гульні.
Ян Цігараў: На жаль, у нас ва ўсім так: калі чалавек на заводзе хоча больш зарабляць, ён будзе цягаць запчасткі з завода. Тое ж самае і ў футболе.
Ян Цігараў: Мне расказвалі, што зарабляюць на таталізатарах і ў Бундэс-лізе. Але інакш. Робяць стаўкі, напрыклад, што будзе больш за 8 вуглавых за тайм — і футбалісты “паліваюць” на вуглавы. Яны не здалі гульню, але ставачка ўсё адно згуляла.
Максім Беразінскі: У сувязі з дагаворнымі матчамі пакуль больш пытанняў да міліцыі. Паводле іх заявы, стаўка была ў 30 тысяч. Такую стаўку немагчыма паставіць на Першую лігу. Ёсць абмежаванне: больш за 30-60 еўра за раз не паставіш. Патрэбны цэлы офіс, і тое, не атрымаецца.
Максім Беразінскі: Мы цэлы год тэлефанавалі Жукаву (затрыманы кіраўнік Дэпартамента судзейства Федэрацыі футбола, — заўв. Еўрарадыё) наконт судзейскіх памылак у пачатку чэмпіянату і пыталіся, што адбываецца. А насамрэч, трэба было пытацца, на што ставіць.
Ян Цігараў: Сказаць, што назва “Белыя крылы” пачне прыносіць нам плады на футбольным полі, безумоўна, нельга. Усё адно ёсць нашы праблемы, пра якія мы з года ў год гаворым. Усё астатняе: лагатыпы, піяр-акцыі, бясплатнае піва на трыбуне — гэта таксама павінна быць. Але гэта толькі ап-грэйд. Калі гэта будзе на фоне добрага выніку, то людзі будуць апладзіраваць і маляваць сабе на майках крылы. Калі не будзе выніку, то людзі проста пасмяюцца над гэтым.
Максім Беразінскі: Пры Штанге зборная была нашмат больш медыяактыўнай, было шмат акцый. Цяпер пра зборную нічога не чуваць па тры месяцы.
Ян Цігараў: З часоў Штанге шмат што змянілася. Ён разумеў, што ён твар каманды і ім трэба паўсюль гандляваць. Калі пры Штанге прыязджаеш на збор, то цябе чакае шмат журналістаў, шмат гледачоў. Праз два гады пасля сыходу Штанге добра, калі адзін-два журналісты будуць на зборы. Гледачоў няма ўвогуле.
Ян Цігараў: Цалкам верагодна, што дзеці, якія цяпер падаюць мячы на матчах зборнай і слухаюць гімн, бачаць белыя крылы і чуюць беларускую мову — праз 10 гадоў для іх гэта будзе значыць вельмі шмат. І гэта іх будзе гнаць наперад.