Ярмоленка: Хоча, то хай будзе суд ― я плаціць Ханку не збіраюся

Ярмоленка: Хоча, то хай будзе суд ― я плаціць Ханку не збіраюся

Забараніўшы спяваць “Малінаўку” Ядвізе Паплаўскай і атрымаўшы 25 тысяч долараў за “Чужую мілую” ад Аляксандра Саладухі, кампазітар Эдуард Ханок пагражае судом Анатолю Ярмоленку. Лідара ансамбля “Сябры” Ханок вінаваціць у “прысваенні аўтарства”.

Ханок: “Калі чалавек цягам 15 гадоў увогуле не аб’яўляе вас, то гэта называецца прысваенне аўтарства. Бо артыст павінен штодня ва ўсіх канцэртах па законе аб’яўляць (аўтараў слоў і музыкі песні, ― Еўрарадыё). Бо песня без аўтара не існуе! Тым больш, што песня ― гэта прадукт публічны. І калі гэта публічны прадукт, то нельга, каб самі сябе любімых піярылі і зараблялі грошы, а пра аўтара зусім забылі. Гэта грубае парушэнне выключных правоў. Ярмоленка не мае са мной не толькі сумесных выключных правоў але і ўвогуле нічога. Я проста яму дазваляў спяваць, я не ўмешваўся”.

Судовы працэс мусіць адбыцца ў верасні. Але колькі грошай хоча ад спевака, кампазітар яшчэ не вырашыў.

“Я пакуль не ведаю, колькі буду выстаўляць ― трэба яшчэ даведацца, колькі прыблізна даюць. Бо кажуць, што даюць не шмат. У любым выпадку, я буду патрабаваць 2,5 тысячы долараў. Тым больш, што я ўжо прапаноўваў Ярмоленку, каб гэтыя 2,5 тысячы пайшлі на будаўніцтва помніка воінам-дэсантнікам у Калодзішчах. Вось, іх я і буду патрабаваць. Тут справа не ў грошах, а ў прынцыпе. Асноўная задача ― прымусіць людзей думаць, прымусіць чытаць законы”.

Ярмоленка: Хоча, то хай будзе суд ― я плаціць Ханку не збіраюся
Эдуард Ханок

Размова найперш ідзе пра песню “Вы шуміце, бярозы” на верш Ніла Гілевіча. Яе ансамбль “Сябры” сапраўды выконваў, але адкупляцца ад аўтара музыкі па прыкладзе Саладухі Анатоль Ярмоленка не жадае.

Анатоль Ярмоленка: “Я яму адказу сказаў: калі хоча падаваць у суд ― хай падае. У мяне ёсць, чым апеляваць, у яго таксама, як мне падаецца. Калі будзе так ― няхай робіць так. Я яго песню не спяваю. Ішла гаворка пра “Шуміце, бярозы”, а пра іншыя песні гаворкі не было. Ды мы не выконваем амаль што ніводнай яго песні. Калі не казаць пра “Жар-птушку”, якую калісьці рабілі”.

Выконваць “Вы шуміце, бярозы” Анатолю Ярмоленку Эдуард Ханок забараніў у канцы красавіка. Але песня з рэпертуару ансамбля “Сябры” не знікла ― новую музыку на верш Гілевіча напісаў кампазітар Марк Тайтлер

Што праўда, сатысфакцыю Ханок хоча за апошнія 15 гадоў яе выканання. Толькі ці мае ён на гэта права? Напісаную за савецкім часам песню “Вы шуміце, бярозы” ў сябра Саюза кампазітараў Беларусі набыў тагачасны Мінкульт і перадаў для выканання “Сябрам”. Атрымліваецца, што сваё кампазітар атрымаў, прадаўшы песню. Але ў Ханка свой погляд на тую здзелку.

Ханок: “У савецкі час нават калі міністэрства і набывала ў вас песню, то яно не магло купіць у вас выключныя правы. Выключныя правы на песню яшчэ 50 гадоў пасля маёй смерці будуць лічыцца за мной і маімі сваякамі. І таму, калі нават некалі міністэрства песню набывала, то гэта даўно ўжо не лічыцца! Ужо даўно ўсе законы змяніліся. А артысты накшталт Ярмоленкі і Ціхановіча з Паплаўскай, хочуць жыць па законах шоў-бізнесу, зарабляць грошы на карпаратывах і гэтак далей, а з намі спрабуюць размаўляць па савецкіх законах ― гэты нумар не пройдзе”.

А вось судзіцца з Ядзвігай Паплаўскай кампазітар не плануе. Кажа, забараніў ёй выконваць “Малінаўку” ды “Я у бабушки живу” і гэтага яму дастаткова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі