Ярмошына распавяла, якія артыкулы Канстытуцыі хоча памяняць

Ярмошына распавяла, якія артыкулы Канстытуцыі хоча памяняць

У Беларусі немэтазгодна захоўваць такі інстытут, як адкліканне дэпутата. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, перадае БЕЛТА.

Ад імя ЦВК Ярмошына прапанавала падкарэктаваць некаторыя артыкулы трэцяга раздзела Канстытуцыі. У прыватнасці, яна прапанавала адмяніць такую меру, як адкліканне дэпутата (артыкул 72 Канстытуцыі), бо гэта "не мае перспектыў для прымянення". Па словах чыноўніцы, для адклікання дэпутата сабраць подпісы не менш як 20% выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі. "У сярэднім у акрузе амаль 63 тысячы выбаршчыкаў. 20% — гэта каля 13 тысяч. Гэта значыць для таго, каб вылучыцца, трэба сабраць тысячу подпісаў, а для таго, каб толькі пачаць працэдуру адклікання, — 13 тысяч. Натуральна, гэтая норма не ўжываецца", — дадала старшыня ЦВК.

Акрамя таго, норма аб адклiканнi дэпутата замінае перайсці да іншай выбарчай сістэмы — напрыклад, па партыйных спісах. "Калі з'явіцца палітычны і грамадскі запыт на рэфармаванне выбарчай сістэмы, то гэтая норма будзе перашкаджаць прыняццю адпаведнага закона", — выказала меркаванне Ярмошына.

Таксама яна прапанавала памяняць артыкулы 64 (там абмяжоўваецца права галасавання асоб, якія знаходзяцца пад вартай да прысуду) і 69 (у гэтым артыкуле вызначаецца права вылучаць кандыдатаў працоўнымі калектывамі). Ярмошына звярнула ўвагу, што ў беларускім заканадаўстве няма прававога паняцця працоўнага калектыву. Таму сам артыкул яна лічыць анахранізмам. 

Акрамя таго ў ЦВК лічаць неабходным мадэрнізаваць мясцовае кіраванне і самакіраванне, прадугледзеўшы і іншыя яго формы акрамя мясцовых Саветаў.

З некаторымі прапановамі ЦВК не пагадзіўся загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор Васілевіч (былы старшыня Вярхоўнага суда). Ён заступіўся, у прыватнасці, за ролю працоўных калектываў у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. На прадпрыемствах і ў арганізацыях добра ведаюць людзей, якіх прапаноўваюць на такія адказныя пасады, мяркуе Васілевіч.

Нагадаем, што змены ў Канстытуцыі ў Беларусі магчымыя толькі праз агульнанацыянальны рэферэндум. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі