Ярмошына: Выбарчы працэс будзе паляпшацца з улікам рэкамендацый АБСЕ
На пасяджэнні міжведамственнай экспертнай групы пры ЦВК Беларусі (яно прайшло 31 студзеня) выпрацавалі асноўныя накірункі, па якіх плануецца палепшыць выбарчы працэс. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, за аснову былі ўзятыя рэкамендацыі АБСЕ. Разглядаліся і іншыя прапановы (БХК, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч), інфармуе БЕЛТА.
"Выніковыя прапановы носяць збалансаваны характар і адпавядаюць рэкамендацыям АБСЕ", — заявіла Ярмошына. У закон плануецца ўключыць рэкамендацыі ЦВК, якія выкарыстоўваліся падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе. Гэта і рэйтынгавае галасаванне па складзе выбарчых камісій, і прысутнасць падчас іх стварэння назіральнікаў. Прапануецца рэфармаваць інстытут члена камісіі з правам дарадчага голасу, можа павялічыцца тэрмін стварэння выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты і стаць большым памер фондаў, можа з'явіцца магчымасць унёскаў з боку юрыдычных асоб і грамадзян. Мяркуецца, што з'явяцца льготныя ўмовы для арганізацыі мітынгаў і сустрэчаў падчас перадвыбарчай агітацыі.
Міжведамственная экспертная група пры ЦВК звярнулася да кіраўніка дзяржавы і просіць яго прызначыць адпаведную нараду. На ёй плануецца разгледзіць прапановы па зменах у выбарчым заканадаўстве. На гэтай нарадзе Цэнтрвыбаркам можа атрымаць даручэнне аб падрыхтоўцы адпаведнага законапраекта.