Яшчэ некалькі еўрапейскіх краін высылаюць расійскіх дыпламатаў
Амбасада Расіі ў Даніі / Фота з сацсетак
Яшчэ некалькі еўрапейскіх краін заявілі пра высылку расійскіх дыпламатаў. Данія просіць з'ехаць 15 супрацоўнікаў амбасады РФ. Іх абвінавацілі ў шпіянажы, паведамляе "Коммерсант" са спасылкай на AFP.
Кіраўнік дацкага МЗС Епе Куфуд заявіў, што дыпламаты мусяць пакінуць краіну цягам двух тыдняў. Ён адзначыў, што гэты крок Капенгаген робіць у тым ліку і "разам з вялікай колькасцю еўрапейскіх краін, таму што мы хочам абараніць нашу бяспеку".
Расійскі МЗС ужо паабяцаў прыняць меры ў адказ.
Каля 30 расійскіх дыпламатаў вышле і Францыя. Гаворка ідзе пра людзей, чыя дзейнасць супярэчаць інтарэсам бяспекі краіны. Пра гэта заявілі ў французскім МЗС. Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава паабяцала "годны" адказ і на гэтае рашэнне.
Таксама стала вядома, што Італія вышле з краіны 30 расійскіх дыпламатаў. Расійскага пасла сёння запрасілі ў італьянскі МЗС і давялі гэта патрабаванне. Аб гэтым паведамляе ТАСС.
Напярэдадні улады Германіі абвясцілі пра высылку 40 супрацоўнікаў расійскіх замежных устаноў. Літва выслала амбасадара і закрыла консульства РФ у Клайпедзе. "Коммерсант" падлічыў, што з пачатку вайны ва Украіне з ЗША і краін Еўропы выслалі больш за 200 расійскіх дыпламатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.