Яўген Шырокаў: Патэнцыял для альтэрнатыўнай энергетыкі ў Беларусі ёсць

Еўрарадыё: Некалькі год таму вы пабудавалі сабе экадом пад Мінскам. Як ён прайшоў выпрабаванне часам, ці хапае энергіі?

 

Яўген Шырокаў: Паўтара года таму я з’ехаў з Беларусі і за гэты час там знеслі кантролеры зарадкі і яшчэ некаторае абсталяванне. Дом захоўвае энергапасіўны стандарт, але, на жаль не самазабяспечваецца па электраэнергіі. А калі я там жыў – па электрычнасці была поўная аўтаномнасць.

Еўрарадыё: Якую ўзнаўляльную электраэнергію можна выкарыстоўваць пры будаванні дамоў у нашай краіне?

 

Яўген Шырокаў: Узнаўляльным рэсурсам у Беларусі з’яўляюцца як і паўсюль – сонца, біямаса і вецер. Гэтыя тры крыніцы можна задзейнічаць вельмі добра. Гідрапатэнцыял у нас дастаткова нізкі, я не прыхільнік цеплавых насосаў, гэта вельмі затратная і капрызная сістэма. Грунтовыя перастаюць працаваць праз 5-6 год.

Еўрарадыё: Галоўная прэтэнзія да ветру ці сонца як узнаўляльных крыніц энергіі – іх нестабільнасць.

 

Яўген Шырокаў: Каб выкарыстоўваць сонечную энергію ўначы – трэба выкарыстоўваць акумулятары – і для цеплавой энергіі і для электрычнай. У канструкцыі дома яны прадугледжаныя. Запасу можа хапіць на два тыдні, гэта залежыць ад ёмістасці акумулятарнай станцыі.

Еўрарадыё: Вашы праекты ў Беларусі і за яе межамі – гэта прыватныя дамы? Ці можна выкарыстаць такую тэхналогію ў шматкватэрным доме?

 

Яўген Шырокаў: Найбольшы наш рэалізаваны праект – дзесяцікватэрны дом у Люберцах пад Масквой. Ён зроблены ў энергапасіўным стандарце, цалкам аўтаномны і дастаткова цікавы.

Еўрарадыё: Як у Беларусі ўспрымаюцца вашы распрацоўкі?

 

Яўген Шырокаў: У Расіі да гэтага праяўляюць вялікую цікавасць. Я працую зараз і з Індыяй і з Чарнагорыяй і з Казахстанам. У Беларусі пабудавана прыкладна 150 энергапасіўных саламяных дамоў. Я думаю, што гэтая тэма будзе развівацца і без маёй прысутнасці тут. Што тычыцца альтэрнатыўнай энергетыкі – таксама ёсць некаторыя напрацоўкі. У прынцыпе, пэўны патэнцыял у рэспубліцы ёсць. Другое пытанне - што на яго ніхто не звяртае ўвагі. Але гэта асобная тэма.

Еўрарадыё: Ці верыце вы ў тое, што такую краіну як Беларусь можна цалкам паставіць на ўзнаўляльныя віды энергіі?

 

Яўген Шырокаў: Некалькі год таму мы сумесна з дацкімі калегамі распрацавалі альтэрнатыўны энергетычны сцэнарый да 2040 года, у якім паказалі з лічбамі, з эканомікай, што нам трэба зрабіць, каб цалкам адмовіцца ад выкарыстання выкапневага паліва. Гэта цалкам рэалістычны сцэнарый і эканамічна значна выгаднейшы чым будаўніцтва АЭС. Але для яго рэалізацыі патрэбнае разуменне сітуацыі і патрэбная палітычная воля. Калі ўсё гэта будзе – у нас будзе будучыня. Калі ж мы застанемся на тых рэйках, што зараз – ёсць вялікія пытанні ў сувязі з тым, што Расія ўступіла ў СГА. Праз два гады ў нас будзе еўрапейская цана на газ і на нафту з усімі наступствамі.

Еўрарадыё: Дык, можа, крэдыт, узяты на будаўніцтва АЭС, лепш было б выкарыстаць для рэалізацыі вашага праекту?

 

Яўген Шырокаў: Больш за тое, ёсць міжнародна прызнаныя высновы, якія сцвярджаюць, што інвестыцыі ў энергазбераганне ў чатыры разы выгаднейшыя, чым інвестыцыі ў стварэнне новых генеруючых магутнасцяў. Ва ўмовах Беларусі з яе скарачэннем насельніцтва і неэфектыўным жыллёвым сектарам было б значна цікавей заняцца пытаннем энергазберажэння, чым будаваць новыя магутнасці.

Еўрарадыё: Ці звярталіся вы з вашай прапановай да беларускіх чыноўнікаў

Яўген Шырокаў: Мы не звярталіся непасрэдна ў саўмін, і я не бачыў у гэтым асаблівага сэнсу, бо мы размяшчалі гэта ўсё на сайце. Наш сайт дастаткова вядомы, кожны мог азнаёміцца, там усё было патлумачана. Для таго, каб на гэта звярталася ўвага, трэба каб была змененая парадыгма мыслення і парадыгма развіцця. Пакуль гэтага не адбылося, звяртацца кудысьці – тое самае, што звяртацца да слупа, эфект будзе такі самы. Але, калі гэта адбудзецца – а адбудзецца дастаткова хутка, як толькі кошты на энерганосьбіты выйдуць на еўрапейскі узровень – тады хочаш-не хочаш мы будзем вымушаныя гэтым займацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі