Ён ужо не ліс-хітрун — Лех Валенса пра Лукашэнку

Лех Валенса / "Люстэрка"
Лех Валенса / "Люстэрка"

У Святланы Ціханоўскай цяпер цяжкія ўмовы для барацьбы за беларусаў і будучыню Беларусі, мяркуе першы кіраўнік польскага прафсаюза "Салідарнасць" і экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса. "Як тут змагацца, калі адзін гуляе ў шахматы, а другі — у бокс? Зразумела ж, хто ў такім выпадку пераможа", — заявіў Валенса ў інтэрв'ю рэсурсу "Люстэрка". Але важна не спыняцца і не адчайвацца. Ён нагадаў пра польскі досвед, як пасля ваеннага становішча ў 1981-м "Салідарнасць" не апусціла рук, а дажыла да 1989-га, захаваўшы свае структуры.

Перамагчы ў 2020 годзе беларусам было складана, бо краіна была мацней прывязаная да Савецкага саюза і, адпаведна, Расіі, мяркуе Валенса. "Грамадства больш разбуранае, а людзі не ведаюць, як дамагацца пераменаў. Бо няма сведак тых, "іншых часоў". Польшча была трохі ў іншай сітуацыі, бо гэтая камуністычная сістэма праіснавала менш, у 1980-я яшчэ жылі людзі, якія заспелі старыя дэмакратычныя парадкі, свабоду, адкрыты рынак. Таму нам было прасцей", — кажа ён.

У камуністычных уладаў у Польшчы, як і ў сённяшняй Беларусі, таксама былі паліцыя і зброя. Пры гэтым барацьба "Салідарнасці" была адказнай — "мы не хацелі падпаліць або знішчыць Польшчу або ўсю Еўропу. Мы змагаліся мірна, аргументамі — і гэта аказалася правільна, мы перамаглі. Але, паўтаруся, усё гэта было ў іншых умовах", — падкрэсліў Валенса.

Журналісты спыталі Валенсу і пра Лукашэнку. Яны некалькі разоў сустракаліся. "І тады, і цяпер у мяне пра яго адно ўражанне — гэта ліс-хітрун", — сказаў Валенса. У нейкі перыяд у Лукашэнкі нават нядрэнна атрымлівалася весці паспяховую гульню, але ён пачаў рабіць памылкі... ці то праз тое, што яго прыціснулі, ці то праз велізарны час на пасадзе.

"Ён ужо не ліс-хітрун, а проста робіць нядобрыя рэчы для Беларусі, як мне здаецца", — кажа Валенса. І калі раней Лукашэнка здаваўся яму патрыётам, то "цяпер (ён) перайшоў усе межы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі