Ёсць маса выдатных куткоў Расіі — віцэ-прэм'ер Беларусі аб лёсе "Белавія"
Пасля інцыдэнту з бортам Ryanair для самалётаў "Белавія" закрылася большасць еўрапейскіх аэрапортаў / Еўрарадыё
Авіякампанія "Белавія" можа нарасціць колькасць рэйсаў і напрамкаў у Расію, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню. Гэта павінна стаць выхадам з сітуаціі, калі для беларускага авіяперавозчыка зачынілася большасць еўрапейскіх аэрапортаў.
"Я ўпэўнены, што мы будзем нарошчваць палёты ў тыя краіны, дзе нас пускаюць. Мы спадзяемся, і я ўпэўнены ў партнёрах, актуальныя напрамкі ва ўсе краіны СНД, Сочы, Краснадар, Мінеральныя Воды, у напрамку Байкала, Алтая. Ёсць маса выдатных куткоў Расіі, якія трэба развіваць беларусам", — сказаў Снапкоў.
Чыноўнік перакананы, што "Белавія" зможа перабудаваць бізнес-мадэль і выйсці з гэтай сітуацыі "іншай і лепш".
Пры гэтым у Крым "Белавія" лётаць пакуль не плануе. Пра гэта кіраўнік авіякампаніі Ігар Чаргінец заявіў у эфіры YouTube-канала "Салаўёў Live".
"У Крым пакуль лётаць не будзем", сказаў ён. І патлумачыў, што спачатку "павінна быць палітычнае прызнанне Крыма" як часткі расійскай дзяржавы.
У Крыме на гэтую навіну адрэагавалі даволі востра. Пастаянны прадстаўнік рэспублікі пры прэзідэнце Расіі Георгій Мурадаў сказаў, што "Крым – лакмусавая паперка рэальных адносін Беларусі да Расіі". Ад адказу на гэтае пытанне, на думку расійскага чыноўніка, шмат у чым залежыць стаўленне грамадзяін Расіі да Беларусі. Са слоў Мурадава, словы Чаргінца справакавалі "шмат гнеўных водгукаў" сярод рускіх людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.