Юрый Чавусаў: Расія распадзецца з-за свайго экспансіянізму

У Мінску адбыўся міждысцыплінарны круглы стол “Распад Расіі: пагрозы і стратэгіі рэгіянальнай бяспекі” пакліканы ініцыяваць дыскусію па надзённых выкліках, якія стаяць цяпер перад краінамі Усходняй Еўропы.

120413 Chavusau_site.mp3

Еўрарадыё: Якія сёння ёсць палітычныя ці эканамічныя падставы сцвярджаць, што Расія распадзецца?


Юрый Чавусаў: Падставы тыя самыя, якія былі ў выпадку распаду Савецкага Саюза. Тыя фактары, што паўплывалі на развал савецкай імперыі, захоўваюць сваю актуальнасць і цяпер.
 

Еўрарадыё: Якія гэта фактары?
 

Юры Чавусаў: Эканамічны — залежнасць эканомікі краіны ад экспарту сыравіны, палітычны — ледзь толькі адбылася дэмакратызацыя ў Савецкім Саюзе, дык той зараз жа рассыпаўся. У Расіі такая магчымасць закладзена ў выглядзе суб’ектаў, якія маюць нацыянальныя прыкметы. Гэта і знешняя палітыка — СССР надарваўся ў барацьбе за ўплывы ў свеце. Расія спрабуе пабудаваць новую імперыю і, магчыма, гэта і будзе прычынай дэзінтэграцыі ў ядры самой імперыі.
 

Еўрарадыё: Кажуць, што Еўразійскі саюз, экспансіянізм Расіі ўзмацняе яе. А вы кажаце, што наадварот?
 

Юры Чавусаў: Так. Бо гэта павялічвае адмоўную вонкавую рэакцыю элітаў суседніх краінаў. Прапанаваць украінскай эліце нешта, што было б вартае страты незалежнасці, расійскі бок не можа. Ды і ўнутраныя праблемы рускіх як асобнай нацыі пакуль не вырашаны. Імперскасць сустракае крытыку перш за ўсё з боку рускай эліты, бо рускія ўнутры Расіі адчуваюць сябе прыгнечаным народам.
 

Еўрарадыё: У якой часавай перспектыве можна гэтага чакаць?
 

Юры Чавусаў: Мы не можам казаць пра нейкія даты. Ніхто не хацеў бы прыманіць гэтую падзею, бо ўсе пагадзіліся, што распад Расіі быў бы вялікай катастрофай для эканомікі Беларусі. Але скарачэнне залежнасці Еўропы ад паставак расійскіх энерганосьбітаў можа быць тым знакавым рубяжом, пасля якога дэзінтэграцыйных працэсаў у Расіі нельга будзе стрымаць.
 

Еўрарадыё: А чаму гэта будзе трагічная падзея для Беларусі?
 

Юры Чавусаў: Трагічная — перш за ўсё гуманітарнага характару. Пакуль што яшчэ беларуская стратэгія абароны не ўтрымлівае рэальных спосабаў рэагавання на падзеі навокал Беларусі. Гэта не тое, што прынята ў стандартах заходніх вайсковых стратэгіяў. Павінна быць рэакцыя на ўцекачоў, павінна быць рэакцыя на тое, што Расія — краіна атамнай зброі. Дэзінтэграцыя Расіі — гэта выклік для атамнай бяспекі.
 

Еўрарадыё: Што рабіць Беларусі, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў?
 

Юры Чавусаў: Галоўнае, што рабіць беларусам, — умацоўваць сваю ўласную дзяржаўнасць. І працэс умацавання беларуска-расійскай мяжы можа быць часткай умацавання беларускай дзяржаўнасці. Умацаванне беларускай ідэнтычнасці — таксама частка ўмацавання беларускай дзяржаўнасці. Падчас распаду СССР Беларусь атрымала вялікі шанец. І яго нельга марнаваць — яго трэба выкарыстоўваць, будаваць незалежную беларускую дзяржаўнасць.


Еўрарадыё: А ці не будзе плюсам, што знікне дамінант з Усходу, ад якога Беларусь так шмат пацярпела? Бо мы і цяпер плачам, што скупляюцца нашыя прадпрыемствы, што мы трапляем у залежнасць...


Юры Чавусаў: Наша задача была выйсці за межы стандартных праблемаў і фармаваць матрыцы будучыні — быць да яе гатовымі. Тэма была абраная, таму што сённяшняя стратэгія развіцця Беларусі не ўлічвае развіцця важных глабальных сцэнарыяў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі Пуціна прадстаўлялі як гаранта цэльнасці Расіі. А падчас нашых выбараў Расія прадстаўлялася як краіна, што пагражае экспансіяй Беларусі.
 

Еўрарадыё: Кажуць, што праблема Расіі ў тым, што тая не можа пераасэнсаваць сваю імперскую тоеснасць. Ці можа быць такі шлях, пры якім Расія пераадолела б гэтую праблему? Што можна і што трэба зрабіць?
 

Юры Чавусаў: Расія — гэта краіна, якая не дала рады тым выклікам, што здарыліся з ёю пасля распаду СССР. Ідэя імперыі — неадэкватная. Яна не задавальняе ў першую чаргу інтарэсаў самога расійскага народа. Гэта — ілюзія. І гэтая ілюзія балюча адбіваецца на расійскай вонкавай палітыцы. Беларусь гэта выкарыстала. Мы проста прадаем Расіі ілюзіі, каб прыдушыць гэтыя фантомныя імперскія болі. Адмова ад гэтага імперскага наркотыку — гэта не выгадна Расіі як імперыі, але выгадна рускаму народу, які ўрэшце рэшт павінен будаваць сваю нацыянальную дзяржаву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі