Юрый Стыльскі — двойчы "пазашлюбны" бацька?
Лідар гурта “Дай Дарогу!” Юрый Стыльскі на днях даведаўся, што ў яго ёсць дачка. У instagram яму напісала 15-гадовая дзяўчына з Расіі:
— Добры дзень, можна з вамі пагутарыць? Гэта вельмі важна.
— Канешне, гавары
— Я праўда не ведаю, як сказаць, гэта вам падасца поўнай лухтой… Не перажывайце, мне ад вас нічога не трэба, калі вы мяне “пашляце” я ўсё зразумею. Падобна, вы мой бацька.
— Здорава) Я нават рад. А чаму я раней не ведаў?
Пра нечаканую навіну Юра паведаміў у Instagtam stories, туды ж пачаў выкладваць і перапіску з меркаванай дачкой. Па яе словах, маці, калі даведалася пра цяжарнасць, вырашыла нічога Юру не распавядаць, бо падумала, што дзіця музыку не патрэбнае. Дзяўчына спрабавала даведацца, хто яе бацька, але маці абяцала распавесці, калі тая падрасце. І вось гэта здарылася. Дзяўчына доўга не рашалася напісаць, але ўсё ж рызыкнула. Кажа, што грошы ёй не патрэбныя, але мае дзіцячую мару пазнаёміцца са сваім бацькам.
Натуральна, Стыльскі папрасіў у дзяўчыны даслаць фота яе маці. У размове з Еўрарадыё музыка кажа, што, нягледзячы на бурлівы лад жыцця, які вёў 15 гадоў таму, памятае ўсіх сваіх жанчын. Таму з радасцю сустрэнецца як з дачкой, так і з яе маці. Некаторыя папракаюць Стыльскага, што ён выкладвае такія асабістыя рэчы ў публічны доступ, але музыка перакананы, што яму няма чаго хаваць, а калі ўсё апынецца праўдай, то “забухаем усім Інстаграмам”.
Па словах Юры, гісторыя нават павялічыла колькасць карыстальнікаў яго старонкі, а яго сторыс набіраюць усё больш папулярнасці.
Самае цікавае, што два гады таму ў Стыльскага здарылася падобная сітуацыя. Яму напісала жанчына, што музыка — бацька яе 16-гадовага сына. Гісторыя банальная: будучы 20-гадовай фанаткай дзяўчына пайшла на канцэрт “Дай Дарогу” у адным з беларускіх гарадоў. Правяла ноч з фронтмэнам, а потым даведалася, што цяжарная. Ад каго — бацькам сваім не сказала, бо яе сям’я была міліцэйскай. Нарадзіўшы сына, хутка выйшла замуж і з’ехала ў Італію. Летась Стыльскі пазнаёміўся з сынам: хлопец не размаўляе па-беларуску і па-руску, але яны выдатна паразумеліся.
Стыльскі кажа, што будзе рад, калі дзяўчынка сапраўды апынецца яго дачкой. Музыка збіраецца ёй паведаміць пра італьянскага брата.