З лядовай арэны дзіцяча-юнацкай школы зробяць сталоўку на Еўрагульні
У спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву па фігурным катанні дэмантуюць галоўную лядовую арэну. Пра гэта бацькам юных фігурыстаў паведамілі на бацькоўскім сходзе, паведамляе Радыё "Свабода". На месцы катка зробяць сталоўку для ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў.
"129 дзяцей ужо з панядзелка застануцца без трэніровак, а праз месяц спартоўцы застануцца без лёду, — абураецца Настасся Раманцова, маці юнай фігурысткі. — На другую арэну, якая яшчэ пакуль дзейнічае, пераводзяцца толькі платныя групы і, напэўна, найвышэйшай катэгорыі спартоўцы. Але з лютага і іх арэну закрыюць".
У СДЮШАР пацвердзілі закрыццё адной арэны і паведамілі, што 8 снежня ва ўстанову прыязджаў прэм’ер-міністр, а 9-га — прадстаўнікі праектнага інстытута.
Другія Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21-30 чэрвеня 2019 года.