З нарвежскага нафтавага фонду выдалілі кітайскую кампанію — за сувязь з Мінскам

Сцяг Нарвегіі, ілюстрацыйнае фота

Сцяг Нарвегіі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Дзяржаўны Нарвежскі пенсійны фонд (Statens pensjonsfond utland), таксама вядомы як Нафтавы фонд (Oljefondet), адмаўляецца ад акцый кітайскай кампаніі Weichai Power Co. У фондзе асцерагаюцца сувязі гэтай кампаніі з продажамі вайсковай тэхнікі ў Расію і Беларусь, піша Reform.news.

"Савет па этыцы нафтавага фонду рэкамендаваў выключыць Weichai Power Co Ltd (WP) праз непрымальную рызыку таго, што кампанія будзе спрыяць продажу зброі або вайсковай тэхнікі ў дзяржавы, дзе фонду не дазволена валодаць аблігацыямі. У спіс гэтых краін уваходзяць Сірыя, Паўночная Карэя, Расея і Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні фонду.

Кітайская кампанія Weichai выпускае дызельныя рухавікі. Яны выкарыстоўваюцца, у тым ліку, у цяжкіх транспартных сродках. У кітайскай кампаніі ёсць сумесныя прадпрыемствы з беларускім МАЗам і расійскім КамАЗам.

Таксама фонд адмовіўся ад акцый кампаніі L3Harris, якая вырабляе дэталі ядзернай зброі. Пад санкцыі нарвежскага фонду трапілі і акцыі індыйскай кампаніі Adani, якая займаецца партовымі аперацыямі ў М'янме. А ў гэтай краіне, як заяўляе фонд, вайскоўцы цягам мноства гадоў "здзяйсняюць крайнія злоўжыванні ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва".

Дзяржаўны пенсійны фонд Нарвегіі быў створаны ў 1990 годзе для інвеставання празмерных даходаў нарвежскага нафтавага сектара. У сакавіку 2024 года яго актывы перавышалі 1,62 трыльёна долараў. Гэтаму фонду ў сярэднім належала 1,5% усіх кампаній свету, што каціруюцца на біржы. Гэта найбуйнейшы ў свеце дзяржаўны інвестыцыйны фонд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі