За 9 дзён вайны Украіну пакінулі 1,45 мільёна чалавек
Украінскія ўцекачы на польскай мяжы / @Straz_Graniczna
1,45 мільёна чалавек пакінулі Украіну за 9 дзён вайны. Лічбы 5 сакавіка апублікавала Міжнародная арганізацыя па міграцыі. Большасць з іх — 922,4 тысячы — прыехалі ў Польшчу, паведамляе польская Памежная служба. Прычым, падкрэсліваюць у ведамстве, толькі за 5 сакавіка ў краіну ўехала 129 тысяч чалавек. А на сем гадзін раніцы 6 сакавіка — амаль 40 тысяч.
Міграцыя з Украіны стала самым масавым рухам еўрапейцаў з часоў Другой сусветнай вайны, гаворыцца ў заяве Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Акрамя Польшчы бежанцы выбіраюць Венгрыю, Румынію, Славакію і Малдову.
Памежная паліцыя Малдовы паведамляе, што за апошнія 12 гадзін больш за 9 тысяч жыхароў Украіны перасеклі мяжу з Малдовай. Усяго з пачатку вайны зарэгістравана 30 835 перасячэнняў мяжы, з якіх 26 361 — замежнымі грамадзянамі. Больш за палову выпадкаў перасячэння мяжы — 17 533 — на выезд з Малдовы, амаль усе — у кірунку Румыніі.
Выданне NewsMaker прыходзіць да высновы, што плынь бежанцаў з Украіны крыху зніжаецца, большасць бежанцаў у Малдове не затрымліваецца, а адпраўляецца далей на Захад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.