За антываенныя ўлёткі з фота Пуціна навапалачаніна асудзілі на 15 сутак
Антыпуцінская ўлётка, ілюстрацыйнае фота
На 15 сутак арыштавалі ў Наваполацку мужчыну, які расклеіў антываенныя ўлёткі з фатаграфіяй Уладзіміра Пуціна, піша "Медыязона". Суд адбыўся яшчэ ў ліпені, але вядома пра яго стала толькі цяпер.
11 ліпеня суд Наваполацка арыштаваў мужчыну з ініцыялам Д. на 15 сутак. Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 24.23 КаАП).
У міліцэйскім пратаколе паведамляецца, што 16 траўня ў Наваполацкі ГАУС звярнулася грамадзянка Б. Яна заявіла, што на слупе каля прыпынку грамадскага транспарту пабачыла ўлёткі з абразай Пуціна.
Мужчыну, мяркуючы па ўсім затрымалі 6 ліпеня. Гэтым днём датуецца апытанне, у якім ён паведаміў, што ўвесну зрабіў і расклеіў па горадзе ўлёткі з выявай кіраўніка Расіі ды антываенным тэкстам.
Дарэчы, спярша за расклееныя ўлёткі хацелі завесці крымінальную справу паводле абвінавачання ў псаванні маёмасці (арт. 341 КК). Аднак 15 чэрвеня была вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні такой крымінальнай справы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.