За курэнне ў грамадскіх месцах штрафуюць 40 чалавек у дзень
Нарада “па тытунёвых пытаннях”. Лукашэнка прапануе пашырыць колькасць месцаў, у якіх курэнне забараняецца. У Беларусі іх і так нямала!
Паводле дэкрэта прэзідэнта №28 ад 2002 года “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых вырабаў” строга забаронена курыць: - у бальніцах, установах культуры, адукацыі, спорту, на гандлёвых аб’ектах і ў месцах бытавога абслугоўвання. - у будынках органаў дзяржкіравання і іншых арганiзацыяў. - у сталовых, рэстаранах і кавярнях, акрамя тых, якія маюць памяшканні з сістэмай вентыляцыі. - на ўсіх вакзалах і ў аэрапортах (акрамя месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтага), у падземных пераходах, на станцыях метрапалітэну; - ва ўсіх відах грамадскага транспарту, за выключэннем цягнікоў далёкага кірунку, у якіх прадугледжаныя месцы для курэння.
У Мінску ёсць зоны, цалкам свабодныя ад курэння — парк імя Горкага, Батанічны сад, парк імя Чалюскінцаў, ветэранскі падворак на вуліцы Цікоцкага, Мінскі заапарк, плошча Незалежнасці, парк адпачынку “Дрымлэнд”, парк імя 60-годдзя Кастрычніка, Аляксандраўскі сквер, Лошыцкі парк, піянерскі сквер, тэрыторыя перад універмагам “Беларусь”, Парк культуры і адпачынку імя 900-годдзя Мінска, тэрыторыя каля помніка “Беларусь Партызанская”.
За спажыванне тытуню ў гэтых месцах — штраф да 84 рублёў (4 базавыя).
Пры гэтым на прыпынках грамадскага транспарту курыць не забаронена!
Па словах кіраўніка прэс-службы МУС Канстанціна Шалькевіча, колькасць аштрафаваных за гэта расце:
“За паўгода да адказнасці прыцягнутыя 7563 чалавекі. Летась было 5728 чалавек”.
Больш за 99% пратаколаў складзена праваахоўнікамі, але пратаколы за цыгарэту маюць права афармляць транспартная інспекцыя, органы чыгуначнага транспарту і ахова метрапалітэну.
Акрамя таго, нельга курыць у пад’ездах, калідорах, на лесвічных пляцоўках жылых дамоў, ліфтах. Таксама ў кватэры, дзе жыве некалькі наймальнікаў. За парушэнне гэтых правілаў штраф нашмат большы — да 630 рублёў (30 базавых).
Але ва ўласнай кватэры і на ўласным балконе курыць не забаронена.
За гэтыя парушэнні ў жылым доме супрацоўнікі ўнутраных спраў не могуць складаць пратаколы. Імі займаюцца ЖЭСы.
Але прыцягнуць да адказнасці таго, хто курыць у пад’ездзе, не так і проста. У адным са сталічных ЖЭСаў Еўрарадыё тлумачаць:
“Парушальніка мусяць злавіць у момант курэння, каб скласці пратакол. Ён мусіць прадставіць пашпарт, каб юрыдычна правільна запоўніць усе паперы. Пры гэтым трэба прыцягнуць сведак. Ва ўсіх іншых выпадках гэта будзе толькі пісьмовае папярэджанне ў выглядзе прадпісання на выкананне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. І не больш”.
Нават фотаздымак чалавека, які курыць у пад’ездзе, не будзе падставай для складання пратакола.
Беларускае заканадаўства не самае катэгарычнае ў Еўропе. Так, найбольш жорстка абмяжоўваюць залежных ад тытуню ў Ірландыі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Германіі. Там забаронена курыць у барах, на плошчах, у транспарце і грамадскіх установах, на працоўных месцах, а таксама на балконах. У гэтых краінах ужо не так проста знайсці месца, каб выкурыць цыгарэтку. Да таго ж штрафы за парушэнне гэтых правілаў немаленькія. У Вялікабрытаніі гэта 132 рублі (50 фунтаў), у Фінляндыі ён можа дасягаць 330 рублёў (150 еўра), у Германіі — да 2210 рублёў (1000 еўра).
Па дадзеных Белстата, у Беларусі курыць 46% мужчын і амаль 9% жанчын.