За Тыдзень футболу ў Беларусі адкрыюць 20 пляцовак са штучным пакрыццём

Тыдзень футболу праводзіцца ў Беларусі з 17 да 23 траўня. Да гэтай падзеі падрыхтавалі чарговыя пляцоўкі са штучным пакрыццём. Першую з іх адкрылі ў гімназіі раённага цэнтра Маларыта на поўдні Брэстчыны. У якасці газону на роўнай падкладцы пластыкавая “трава”.  Дырэктар гімназіі сказаў Еўрарадыё:

"Саму пляцоўку можна раскатаць за тры дні. Шмат працы з падрыхтоўкай. Клалі свой, мясцовы жвір, гранітны адсеў, потым бетон".  

Палі са штучным пакрыццём — гэта добрая альтэрнатыва цяперашнім калдобістым альбо заасфальтаваным пляцоўкам. У Беларускай федэрацыі футболу патлумачылі:

"Такіх пляцовак у Беларусі за 2006-2008 гады паклалі 40 і за 2009-2010 — 36. Агулам — 76. Пакрыццё на безвыплатнай аснове прадастаўляе Еўрапейская футбольная Асацыяцыя (УЕФА)".


Прэс-аташэ Беларускай Федэрацыі Футболу Ўладзімір Несцяровіч сказаў, што за Тыдзень футболу адкрыюць 20 такіх пляцовак. Будуць таксама будаваць пляцоўкі большыя за стандарт, прадастаўлены УЕФА — 20х40 метраў, сказаў спадар Несцяровіч. Адну з такіх пляцовак маюць зрабіць у Бабруйску.

Адзначым, што кошт квадратнага метра штучнай травы складае каля 20 еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі