За тыдзень у Беларусі зачынілі восем прыватных школаў
У Беларусі ідзе "зачыстка" прыватных школаў / pixabay.com
За апошні тыдзень у Беларусі зачынілі восем прыватных школаў. Як паведамляе тэлеканал "Беларусь 1", каля паўтысячы вучняў з гэтых установаў перайшлі ў дзяржаўныя школы.
Яшчэ 12 прыватных школаў атрымалі прадпісанні аб спыненні дзейнасці. Агулам у краіне на канец жніўня налічвалася 35 прыватных школаў.
Жорсткая праверка прыватных школаў пачалася пасля здарэння ў "Смарт Скул", дзе вучань параніў аднакласніцу, стрэліўшы з цацачнага спружыннага пісталета ў твар. Ён параніў дзяўчынцы вока.
Пасля гэтага здарэння Аляксандр Лукашэнка загадаў "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі". Ён назваў школу "Смарт Скул" антыдзяржаўнай клаакай.
Абгрунтоўваючы гэтую думку, у сюжэце на тэлеканале "Беларусь 1" паведамілі, быццам большасць прыватных школ у краіне былі створаныя пасля жніўня 2020 года. "Ужо выяўлена, што замежныя дзяржавы — недружалюбныя да нас краіны маюць дачыненне да цэлага шэрагу прыватных школ. Менавіта таму ў іх маюцца так званыя філіялы і ў Літве, і ў Латвіі, і ў іншых дзяржавах", — заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Таксама міністр паведміў, што на гэтым тыдні павінен быць прыняты закон Аб ліцэнзаванні прыватных школ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.