За забойства маленькага дзіцяці 20-гадовая жанчына асуджана на 12 гадоў калоніі
У судзе ў Салігорску
За забойства маленькага дзіцяці 20-гадовая жанчына асуджана на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд прайшоў у Салігорску ў закрытым рэжыме. Прысуд агучылі 7 чэрвеня. Салігарчанку прызналі вінаватай у "наўмысным пазбаўленні жыцця іншага чалавека, заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане". Дзіцяці было толькі 11 дзён.
Раней Следчы камітэт распавядаў падрабязнасці трагедыі, якая здарылася ў лістападзе мінулага года. Жанчына выклікала "хуткую", сказала, што маленькае дзіця ўпала з пеленальнага століка. У яго была цяжкая траўма галавы. У рэанімацыі медыкі некалькі гадзін змагаліся за жыццё дзіцяці, але выратаваць нованароджанага не ўдалося.
У той час маці было 19 гадоў. Яна сказала, што хацела памяняць памперс і пакінула дзіця на некалькі хвілін без нагляду на стале. Калі вярнулася, яно было на падлозе. Праваахоўнікі агледзелі месца здарэння і ў іх з'явіліся сумнені ў праўдзівасці слоў жанчыны — пеленальны стол сумешчаны з ложкам і абсталяваны высокімі борцікамі. Маці дзіцяці спачатку блыталася ў паказаннях, а пасля прызналася. Паводле яе слоў, дзіця плакала, а супакоіць яго не атрымлівалася. Тады яна са злосці кінула немаўля на падлогу.
Праз некалькі дзён жанчына стала адмаўляцца ад сваіх паказанняў, спасылалася на пасляродавую дэпрэсію. Аднак эксперты пацвердзілі, што дзіця на падлогу не ўпала, а яго кінулі. Высветлілася, што маці ў той дзень праглядала ў інтэрнэце старонкі пра перадачу дзіцяці ў прытулак, пра смерці дзяцей у выніку падзення. Таксама стала вядома, што жанчына, якая мае медыцынскую адукацыю, не спяшалася аказаць першую меддапамогу, а "хуткую" выклікала толькі праз 10 хвілін пасля здарэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.