Жыхарка Салігорска забіла нованароджанага сына, бо ён капрызіў

Немаўля, ілюстрацыйнае фота

Немаўля, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

19-гадовая жыхарка Салігорска забіла свайго сына, якому было толькі 11 дзён. Як паведамляе Следчы камітэт, трагедыя адбылася ў лістападзе 2023 года.

Дзяўчына затэлефанавала ў хуткую і паведаміла, што яе сын зваліўся са спавівальнага століка і амаль не падае прыкметаў жыцця. Прыбыўшы на месца, лекары "хуткай" паставілі дыягназ: пералом зводу чэрапа, удар галаўнога мозгу. Хлопчыка даставілі ў рэанімацыю, дзе медыкі некалькі гадзін змагаліся за яго жыццё, але выратаваць так і не змаглі.

Справай зацікавіліся следчыя. Маладая мама сказала, што хацела памяняць падгузнік і пакінула дзіця на некалькі хвілін без нагляду на спавівальным століку, а калі вярнулася — хлопчык быў на падлозе.

Следчы, як паведамляецца, адразу засумняваўся ў праўдзівасці яе словаў: маці паказвала, што ножкі дзіцяці звісалі з краю стальніцы, а малы ўзрост дзіцяці фізічна не дазваляў яму актыўна дзейнічаць. На месцы выявілася, што столік, сумешчаны з ложкам, меў высокія барты. Жанчына паводзілася даволі спакойна, але пасля ўдакладняючых пытанняў стала блытацца ў сваім расповедзе і прыдумляць новыя і новыя версіі падзеяў. А потым яна спытала, якое пакаранне яе чакае, калі яна раскажа праўду.

Салігарчанка расказала, што засталася ў кватэры адна. Сын пачаў капрызіць і ніяк не супакойваўся. Са злосці маці кінула дзіця на падлогу. А мужу і сваёй маці расказала пра выпадковае падзенне.

Жанчыну адразу затрымалі. Але праз некалькі дзён яна адмовілася ад сваіх прызнанняў, спаслаўшыся на пасляродавую дэпрэсію.

Вывучыўшы змесціва тэлефона і прааналізаваўшы пошукавыя запыты дзяўчыны ў інтэрнэце, следчыя выявілі, што ў той дзень яна праглядала старонкі пра перадачу дзяцей у прытулак, смерці дзяцей у выніку падзення, пад коўдрай, абмеркаванні трагедый на форумах і падобны кантэнт.

Хаця дзяўчына мела медыцынскую адукацыю (вучылася ў медкаледжы), аказваць першую дапамогу дзіцяці яна не спяшалася, а на лінію "103" затэлефанавала не менш як праз 10 хвілін пасля здарэння.

Траўмы дзіцяці, як выявілі эксперты, маглі быць атрыманыя пры падзенні з вышыні больш за 1,5 метра (што значна вышэй за спавівальны столік), або пры моцным кідку аб падлогу.

Жанчыну будуць судзіць за забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане (п.2 ч. 2 арт. 139 КК). Цяпер яна ўзятая пад варту. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі