Зачыняецца расійская батаферма, якая працавала па беларускіх навінах

Зачыняецца расійская "фабрыка эльфаў", ілюстрацыйнае фота

Зачыняецца расійская "фабрыка эльфаў", ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Фонд "Свабодная Расія" зачыняе праект "Легіён эльфаў", які ў шырокім ужытку атрымаў назву "Фабрыка эльфаў" (у процілегласць пракрамлёўскім "фабрыкам оркаў"). Пра закрыццё праекта паведаміў дырэктар Цэнтра стратэгічных камунікацый фонду Ягор Куропцеў.

Прычынай закрыцця ён назваў недахоп фінансавання. "Яшчэ напрыканцы лета мы былі вымушаныя скараціць большую частку выдаткаў у сувязі з тым, што заканчваліся фінансы. Цяпер мы большую частку таксама прыпыняем, бо новых рэсурсаў працягваць гэтую працу ў тым жа выглядзе няма (на фоне агульнага трэнду зніжэння фінансавання і цікавасці да парадку дня)", — прызнаўся Куропцеў.

"Фабрыка эльфаў" — гэта апазіцыйная расійская батаферма з офісамі ў Вільні і Тбілісі. Вядома пра яе стала ў лістападзе 2023 года. Яе супрацоўнікі каментавалі ў тым ліку і беларускія навіны. Паведамлялася, што на "беларускім напрамку" працавалі каля 50 чалавек. Напрыклад, яны актыўна каментавалі навіны пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна, пра памілаванне Рамана Пратасевіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі